Выдавецтва
«ЮрСаПрынт»
Гародня
Выданне і паліграфічнае выкананне
паліграфія
і
друк
кніг
Нашы выданні
2016 года
Віктар Саяпін
Андрэй Вашкевіч
«На Гродзенскім бруку»

Віктар Саяпін, Андрэй Вашкевіч; «На Гродзенскім бруку»

На Гродзенскім бруку

     

Аўтары: Віктар Саяпін, Андрэй Вашкевіч.
Загаловак: «На Гродзенскім бруку».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 274.
Кошт: 15 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Анатацыя

У кнізе аўтары даследуюць штодзённае жыццё гродзенцаў ХІХ – першай паловы ХХ ст. праз прызму эканамічнай дзейнасці.

Расказваецца пра найбольш вядомыя прадпрыемствы, якія існавалі ў Гродне ў тыя часы: тытунёвую фабрыку, фабрыкі матацыклаў, ігральных карт, штучнай кавы і мармеладу і многія іншыя.

Некалькі раздзелаў кнігі прысвечана развіццю транспартнай сістэмы Гродна, у тым ліку і нёманскаму суднаходству.

Кніга будзе карыснай для чытача, які цікавіцца беларускай мінуўшчынай: настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, краязнаўцам, навукоўцам, выкладчыкам гісторыі і студэнтам.

     

З прадмовы выдання

Кніга, якую шаноўны чытач трымае ў руках, з’яўляецца вынікам аб’яднаных намаганняў двух гродзенскіх краязнаўцаў, якіх ужо досыць даўно займае тэма гісторыі гродзенскай гаспадаркі і яе ўплыву на жыццё горада ў ХІХ – першай палове ХХ ст. Цягам пасляваенных дзесяцігоддзяў, захопленыя маштабамі будаўніцтва прамысловых гігантаў савецкага часу, мы цалкам занядбалі даваенную гродзенскую прамысловасць, якая сёння ўжо амаль знікла з карты горада. Асабліва адчувальнай стала нікім толкам не патлумачаная ліквідацыя гродзенскага піваварнага завода ў 2007 г. Замест не самага сучаснага, але вельмі перспектыўнага прамысловага аб’екта горад атрымаў велізарны пусты будынак, лёс якога па-ранейшаму застаецца нявызначаным. І гэта не адзіны прыклад. Так, на працягу апошніх дзесяці гадоў былі знесены амаль усе млыны, старая электрастанцыя, будынак фабрыкі матацыклаў «Нёман» і шмат іншых аб’ектаў прамысловай архітэктуры. Праўда, ёсць і станоўчыя прыклады хаця б частковага захавання былых прамысловых аб’ектаў. Напрыклад, уласнікі абяцаюць захаваць забудову літаграфічнай фабрыкі па вул. Будзённага, а станіславоўская кафлярня па вул. Чырвонаармейскай рэкамендавана да ўнясення ў спіс гісторыкакультурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Але прынцыповы пералом у справах захавання такога кшталту аб’ектаў пакуль, на жаль, не адбыўся. На прасторах Гродзеншчыны яшчэ засталося досыць шмат старых млыноў, вінакурняў, бровараў і іншых прадпрыемстваў. Усё гэта, як правіла, магутныя капітальныя будынкі, у якіх дзе-нідзе яшчэ нават захаваліся рэшткі абсталявання. Наўрад ці большасць з іх будзе калі-небудзь выконваць свае ранейшыя функцыі, аднак нават пры адносна невялікіх капіталаўкладаннях яны могуць стаць выдатнымі канферэнц-заламі пры аграсядзібах, утульнымі хостэламі або невялікімі музеямі. Зараз нас не здзіўляюць экскурсіі па гістарычных помніках прамысловасці старога Беластока, а па ўсёй Еўропе архітэктары актыўна займаюцца рэканструкцыяй старых фабрык для далейшага прыстасавання іх пад дарагія памяшканні для бізнесменаў, мастацкія галерэі, выставачныя залы і г. д. Думаем, што і для нас прыйшоў час звярнуць большую ўвагу на нашы старыя прамысловыя будынкі і падараваць ім «другое жыццё».

Перад тым, як брацца за абарону помнікаў мінуўшчыны, трэба ясна ўсвядоміць іх гістарычнае значэнне і архітэктурную вартасць. Таму і паўстала ідэя напісаць пра даўнія помнікі гродзенскай прамысловасці: фабрыкі, заводы, млыны, цагельні – адным словам, пра тое, чым жыў і як будаваўся стары горад Гродна.

Рыхтуючы да выдання гэтую невялікую кнігу, мы не ставілі перад сабой задачу распавесці пра ўсе бровары або цагельні, якія існавалі ў нашым горадзе, таксама як і пра аб’ёмы іх вытворчасці або даходы. Хацелася напісаць невялікі даведнік па гэтай частцы гарадской архітэктурнай спадчыны, паглыбіцца ў тое, што будзе асабліва цікава чытачу: тэхналогію вырабу літаграфій, кафлі або асаблівасці функцыянавання гарадской электрастанцыі ці водаправода. Тым больш, што ў Гродне ўсё ж такі існавалі ўнікальныя прадпрыемствы, не памятаць пра якія проста ганебна для нас, жыхароў такога цудоўнага горада.

У новым выданні кнігі мы таксама не толькі глянулі на эканамічнае жыццё горада праз прызму прамысловасці, але і шырэй апісалі гарадскую гаспадарку. У кнізе з’явіліся тэксты, прысвечаныя праблемам санітарыі, гарадскому гандлю, грамадскаму харчаванню, нёманскаму суднаходству. Адным словам, атрымаўся невялікі зборнік нарысаў, які распавядае пра гродзенскую штодзённасць з пункту гледжання эканомікі. Хацелася б спадзявацца, што наш вопыт апісання «штодзённай гісторыі» будзе падхоплены іншымі даследчыкамі, і праз нейкі час мы зможам прагуляцца па старых гродзенскіх кінатэатрах, музеях і іншых установах культуры або заглянуць унутр кватэры ці дома міжваеннага гродзенца.

Хочам шчыра падзякаваць усім, хто дапамог матэрыяламі, старымі фотаздымкамі і проста натхненнем. Гэта Ірэна Валюсь, Фелікс Варашыльскі, Васіль Герасімчык, Ян Лялевіч, Сяргей Піваварчык, Ігар Трусаў і Андрэй Чарнякевіч.

     

Спампаваць змест выдання

Спампаваць прадмову выдання

     

     

Спампаваць файлы аўдыёкнігі ў фармаце mp3

1. Прадмова

2. Як будавалі Гродна. Цагельні і кафлярні горада

3. На гродзенскім бруку. Як і чым выкладвалі вуліцы ў старым Гродне

4. Матацыклы з Гродна

5. Гродзенская тытунёвая фабрыка

6. Гродзенскi бровар

7. Першая краёвая фабрыка iгральных карт

8. Рэзнiкi i гарбары

9. Млыны Гродна i бліжэйшых ваколiц

10. Гарадская электрастанцыя

11. Вада - гэта жыццё 1

12. Вада - гэта жыццё 2

13. Вада - гэта жыццё 3

14. Ад алоўкаў да мармеладу

15. На вінакурні і ў карчме

16. Смакi старога Гродна 1

17. Смакi старога Гродна 2

18. Што паколькi на рынку

19. Ад віціны да цеплахода 1

20. Ад віціны да цеплахода 2

21. Паехалі ў Гродна

     

     

*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.