Выдавецтва «ЮрСаПрынт» Гародня
Нашы
выданні
2017
года
Леанід Лаўрэш
«Маламажэйкаўская
царква:
гістарычны
нарыс»

Леанід Лаўрэш, «Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс»

Шэпт пажоўклых старонак

     

Аўтар: Леанід Лаўрэш.
Загаловак: «Маламажэйкаўская царква: гістарычны нарыс».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 114.
Кошт: 7 руб. (пры набыцці па па безнаяўным разліку).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Анатацыя

У кнізе, грунтуючыся на шматлікіх друкаваных і архіўных матэрыялах, расказваецца пра шматсотгадовую гісторыю аднаго з унікальных храмаў Беларусі – Маламажэйкаўскай (Мураванкаўскай) царквы. У дадатку прыводзяцца дакументы і матэрыялы XVI – ХХ ст. па гісторыі царквы.

Кніга будзе карыснай для чытача, які цікавіцца беларускай мінуўшчынай: настаўнікам і вучням агульнаадукацыйных школ, краязнаўцам, навукоўцам, выкладчыкам гісторыі і студэнтам.

     

З прадмовы выдання

Спачатку – пра гісторыкаў, краязнаўцаў і пра старажытныя храмы. Неяк я збірала матэрыялы пра гісторыкаў Гродзеншчыны. У гэтым мне дапамагаў Леанід Лаўрэш. Трэба было чуць, з якім навуковым натхненнем і ўпэўненасцю ён заявіў: «Я адкрыў імя новага краяведа Лідчыны. Гэта – Леў Савіцкі». Напэўна, гэта было падобна на тое, як даследчык, зрабіўшы сенсацыйнае адкрыццё, усклікае: «Эўрыка!».

У хуткім часе пра Льва Савіцкага – маламажэйкаўскага святара, які пражыў 90 гадоў, з якіх 63 гады (з 1863 па 1926) прысвяціў сваёй царкве, давялося пачуць на адной з навуковых канферэнцый. Гэта, сапраўды, было новаадкрытае імя ў гісторыі нашага краю. Інфармацыя пра Мураванкаўскі храмкрэпасць, якая паўтаралася і вандравала з кнігі ў кнігу, пачынала набываць ужо новыя навуковыя абрысы.

У 2013 г., атрымаўшы запрашэнне прыняць удзел у міжнароднай навуковай канферэнцыі «З гісторыі Супрасльскага манастыра ў XVI–ХХ ст.» у Польшчы, спачатку здзіўлялася, што можна цэлыя два дні і цэлай групе даследчыкаў (было прыкладна два дзясяткі выступоўцаў з розных краін) гаварыць пра адзін манастыр, хай сабе і з пяцісотгадовай гісторыяй! На канферэнцыі зразумела, што грунтоўнае навуковае асэнсаванне феномена Супрасля яшчэ толькі пачынаецца.

Але здзіўленні на гэтым не скончыліся. Супрасльскую царкву і манастыр дык «раскручвае» (навукова) цэлая група даследчыкаў, да таго ж з шэрагу краін. А тут адзін лідскі краявед Леанід Лаўрэш піша кнігу (нават не артыкул!) пра сястру Супрасля – Маламажэйкаўскую царкву-крэпасць з паўтысячагадовай гісторыяй! Дзе ён столькі інфармацыі пра яе возьме? Не кожны вопытны гісторык рызыкне гэтым заняцца.

І вось мы маем вынік гэтай скрупулёзнай, няпростай, адказнай і гэтак патрэбнай нашаму краю працы. Фактычна Леанід Лаўрэш даў прыклад і ў пэўнай меры ўзор навуковага мікрагістарычнага даследавання на матэрыяле адной царквы. Як будаўнік цаглінка да цаглінкі кладзе будынак, так і тут даследчык факцік да факту ўзводзіць будынак гісторыі адной з найславуцейшых святынь Беларусі. Гэтыя факты, якія гадамі збіраліся ім з архіўных і апублікаваных крыніц (у тым ліку з архіваў Беларусі, Літвы, Расіі), з літаратуры і выстраіліся ў лагічна-храналагічнай паслядоўнасці, разам з аўтарскай аналітыкай, аргументацыяй, назіраннямі і высновамі далі ўнікальную ў сваім родзе працу.

Старонка за старонкай мы гартаем кнігу гісторыі Маламажэйкаўскай царквы даўжынёю ў 500 год. Мы знаёмімся з падзеямі і людзьмі – уладальнікамі Мажэйкава; «калятарамі» царквы (дабрадзеямі і самадурамі); са шматлікімі прэтэндэнтамі на сам храм і яго маёмасць, рэліквіі, землі; з дзяржаўнымі мужамі і мясцовымі чыноўнікамі, ад якіх залежаў лёс храма. Перад намі праходзіць цэлы шэраг прадстаўнікоў духоўнага саслоўя: ад вышэйшых царкоўных іерархаў да радавых святароў. Дарэчы, Л. Лаўрэш аднавіў імёны ўсіх настаяцеляў храма, пачынаючы з сярэдзіны ХVII ст. Гісторыя Маламажэйкаўскай царквы – гэта не роўнае поле, як на першы погляд можа паказацца. На старонках гісторыі храма і на яго сценах, у яго сутарэннях, на могілках, у мясцовых паданнях – раны войн, вандалізм мясцовых Неронаў, ахвяры рэпрэсій. Не аднойчы бушавалі людскія жарсці вакол гэтай святыні.

Таму кніга Л. Лаўрэша – гэта не звыклы нам краязнаўчы нарыс. Чым далей яе чытаеш, тым больш разумееш веліч і трагізм нашай мінуўшчыны (напрыклад, аж да бальшавіцкай расправы з сынамі і ўнукам згаданага Л. Савіцкага). Пасля такіх адкрыццяў, якія зрабіў аўтар кнігі, пра Мураванку можна складаць вершы і пісаць ледзь не дэтэктыўныя раманы.

Хай сабе і ёсць у напісанай Л. Лаўрэшам кнізе гісторыі Маламажэйкаўскай царквы «белыя плямы» і незапоўненыя радкі – гэта тлумачыцца станам крыніцавай базы па тэме, мы атрымалі цэласнае даследаванне пра храм, адпаведнае сучаснаму ўзроўню ведаў, якое будзе цікавым і карысным гісторыкам, спецыялістам па культуры, духавенству, аматарам мінуўшчыны, прыхаджанам і гасцям гэтай шанаванай святыні.

Святлана Марозава,
доктар гістарычных навук, прафесар.

     

Спампаваць змест выдання

Спампаваць фрагмент выдання