Выдавецтва «ЮрСаПрынт» Гродно
Паліграфічныя друкарскія і выдавецкія паслугі з 2010 года
Нашы выданні 2017 года
Андрэй Чарнякевіч
«Памяць пра Гродна»

Андрэй Чарнякевіч, «Памяць пра Гродна»

Памяць пра Гродна

     

Аўтар: Андрэй Чарнякевіч.
Загаловак: «Памяць пра Гродна».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 306.
Кошт: 25 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Анатацыя

Гісторыя Гродна паміж дзвюма сусветнымі войнамі пакуль усе яшчэ не стала прадметам асобнага даследавання. Аднак, якой бы грунтоўнай і дасканалай ні была б гэта яшчэ не напісаная праца, яна не ў стане замяніць сабою вобраз горада, які ўжо паспеў ператварыцца ў самастойны аб’ект гістарычнай памяці...

У кнізе сабраны матэрыялы пра гістарычных асоб і іх радаводы. Біяграфічны даведнік прадстаўляе магчымасць пазнаёміцца з элітай міжваеннага Гродна 1919-1939 гг.

Аўтар паспрабаваў як мага шырэй ахапіць паняцце «эліта».

У спіс трапілі прадстаўнікі гарадскога самаўрада, адміністрацыі, рэдактары газет, настаўнікі, лекары, працаўнікі суда, буйныя гандляры і прамыслоўцы, прадстаўнікі кліра розных канфесій і непасрэдна актыўныя грамадска-палітычныя дзеячы.

Кніга арыентавана на шырокае кола чытачоў.

     

Фрагмент "Цені Гродна"

Гісторыя Гродна паміж дзвюма сусветнымі войнамі пакуль усе яшчэ не стала прадметам асобнага даследавання. Аднак, якой бы грунтоўнай і дасканалай ні была б гэта яшчэ не напісаная праца, яна не ў стане замяніць сабою вобраз горада, які ўжо паспеў ператварыцца ў самастойны аб’ект гістарычнай памяці. Ці не адзінае выключэнне складае кніга, пра існаванне якой большасць сённяшніх гарадзенцаў нават не здагадваецца: «Сага пра Гродна» – рыфмаваныя біяграфіі постацей міжваеннага горада, якія пакінуў былы гродзенскі прэфект ксёндз Людвік Саванеўскі.

Сам па сабе гэты твор застаецца ўнікальнай з’яваю. Спроба напісаць вершаваны мартыралог, прысвечаны сваім сучаснікам – гэта, перш за ўсе, своеасаблівы асабісты разлік з мінулым, справа маральнага абавязку. Аўтар «Сагі» намагаўся аб’яднаць адразу некалькі стыхій: асабістыя ўспаміны пра падзеі, у якіх яму прыйшлося адыгрываць самыя розныя ролі, спробу стварыць сучасны нацыянальны эпас і рыфмаваны слоўнік, у якім аказалася схаваным у паэтычных вобразах шмат таго, аб чым у іншым выглядзе выказацца было амаль немагчыма.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Гродна жылі дзясяткі тысяч асоб. Калі ў канцы 1919 года колькасць жыхароў Гродна дасягала прыблізна 28 тысяч, то ўжо на верасень 1921 года іх было 34 тысячы, у 1924 годзе – 40 тысяч, а яшчэ праз тры гады – 45 тысяч. На 1939 год лічба жыхароў Гродна складала каля 50-55 тысяч чалавек. І для большасці з іх вайна стала катастрофай, якая знішчыла гэты сусвет. Кніга Л. Саванеўскага фактычна стала нагодай, каб паспрабаваць перайсці гэту нябачную мяжу, што аддзяляе нас ад абшару «чужой» памяці. Біяграфіі людзей, што калісьці ўвасаблялі гэты горад, у нейкім сэнсе «цёмная зона», дакрануцца да якой доўгі час падавалася амаль немагчымым. Менавіта «Сага» і падштурхнула скласці слоўнік эліты міжваеннага Гродна.

Але адна справа – развагі адносна міжваеннага горада, а зусім іншая – вызначэнне канкрэтных імёнаў. Тым больш, калі гаворка ідзе пра эліту. Таму першым крокам было вызначэнне асоб, якія павінны скласці аснову працы. Падставай выбару стала іх прафесійна-грамадская актыўнасць. У спіс трапілі прадстаўнікі гарадскога самаўрада, адміністрацыі, рэдактары газет, настаўнікі, лекары, працаўнікі суда, буйныя гандляры і прамыслоўцы, прадстаўнікі кліра розных канфесій і непасрэдна актыўныя грамадска-палітычныя дзеячы. Сярод асноўных крыніц варта адзначыць працы па гісторыі гродзенскіх могілак, спіс падаткаплацельшчыкаў яўрэйскай абшчыны, біяграфічны слоўнік беларускіх дзеячаў, слоўнікі па гісторыі польскай арміі ды польскага тэатра, архіўныя фонды. Аднак найперш «падмуркам» для слоўніка сталі імёны, якія ўзгадваў у сваёй кнізе ксёндз Л. Саванеўскі.

Гродна канчаткова апынуўся ў складзе Польскай дзяржавы з заканчэннем вайны з Савецкай Расіяй, калі горад афіцыйна ўвайшоў у склад Беластоцкага ваяводства. Праўда, пазней неаднаразова паўставала пытанне аб стварэнні асобнага Гродзенскага ваяводства, тым не менш ён так і застаўся цэнтрам павета, што ў значнай ступені вызначыла яго сацыяльна-эканамічнае і культурнае жыццё. На чале мясцовай адміністрацыі ў розны час стаялі: камісар польскага ўрада па Гродзенскім павеце Станіслаў Іваноўскі (1918–1919), старасты: Казімір Рагалевіч (1919–1926), Альфонс Розен (1920), Зыгмунт Рабакевіч (1928–1932), Тадэвуш Валіцкі (на 1938–1939).

Амаль да канца 1920-х гадоў Гродна кіравалі магістрат ды гарадская Рада, абраная яшчэ ў час нямецкай акупацыі. Прадстаўнікоў самаўрада ў мясцовай прэсе нездарма называлі «айцамі горада». Праўда, падобны зварот у аднолькавай ступені мог быць як выразам павагі, так і, пры іншых абставінах, праяваю глыбокай самаіроніі. У гэты перыяд у склад магістрата ўваходзілі пяць-шэсць чалавек: прэзідэнт горада, віцэ-прэзідэнт, лаўнікі і сакратар. Прэзідэнтамі Гродна на працягу наступных дваццаці год былі: Эдвард Лістоўскі (1919–1922), Эдвард Стэмпнеўскі (1922–1927), Казімір Рагалевіч (1927–1929), Антоні Ранчашак (1929–1930), Маўрыцы О’Брыен дэ Ласі (1930–1933), Казімір Сулістроўскі (1933–1934), Віктар Міскы (1934–1936), Вітольд Ценскі (1936–1939). Віцэ-прэзідэнтамі: Стэфан Цыдзік, Раман Савіцкі, Казімір Лашкевіч і інш. Лаўнікамі былі Самуэль Астрынскі, Юзаф Рубінраўт, Аўсей Сухаўлянскі, якія звычайна выконвалі абавязкі кіраўнікоў аддзелаў магістрата.

У склад гарадской Рады ў розны час уваходзілі радныя: Абрам Абрамовіч, Леон Абрамскі, Міхаіл Азіевіч, Павел Аляксюк, Шэйма Амдурскі, Ігнацый Астроўскі, Малка Атлас, Ю. Бадаш, Мардэхай Барадыцкі, Антоній Бартноўскі, Ноах Бас, Юзаф Бахмінскі, Юзаф Бяганскі, Зееў Вулф Берман, Х. Біргер, Эдвард Боднар, Усевалад Боеў, Давід Бравер, Хаім-Іцхак Бранервайн, Браўдэ Абрам, Абель Брусцін, Мар’ян Буда, Тэафіл Будзаноўскі, Казімір Бухалі, Алексы Бяляеў...

Андрэй Чарнякевіч.

     

Спампаваць фрагмент выдання

     

     

*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.