Нашы
выданні
2018 года

Аляксей Пяткевіч, «Аўтографы – разам»

Аўтографы – разам

     

Аўтар: Аляксей Пяткевіч.
Загаловак: «Аўтографы – разам».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 227.

     

Анатацыя

Збор аўтографаў з уласнай бібліятэкі Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча. У кнізе змешчана 577 аўтографаў.

Экслібрыс А. Пяткевіча. Мастак В. Целеш : фрагмент кнігі Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, «Аўтографы – разам»

Ад аўтара

Надпіс на кнізе, перададзенай табе – не толькі след чалавечай рукі. Скупыя словы дарчага запісу гавораць многае пра асобу, якая зрабіла ласку гэтым дарункам і выказала с такой нагоды штосці значнае на твой адрас.

Праўда, выказванне тут можа несці і досыць трывіяльны, дзяжурны змест. Так бывае тады, калі асоба не блізкае табе. Тым не меньш і такі тэкст аўтографа дарагі для адрасата, бо ён, аўтограф, заўсёды – гонар, выказаны табе. І яшчэ гэта знак памяці пра чалавека, якую ён пакінуў сваім запісам і якую трэба берагцы. Так ці інакш, аўтограф – часінка духу чалавека, які запісаўся ў гэтай кнізе. Гэта часцінка асабліва вартасная, калі чалавека ўжо няма на белым свеце. І мы сустракаемся з ім, адгортваючы тытул кнігі.

Я якія пачуцці ахопліваюць цябе, калі маеш перад вачыма аўтограф паўвекавой, скажам, даўнасці ці хоць нават крыху пазнейшы па часе. Вяртаецца да цябе не толькі асоба, што пакінула запіс, а і час з яго падзеямі і нават нейкімі падрабязнасцямі. Мне кніжны запіс чамусці аднаўляе аблічча аўтара. Тачачаснае, вядома. Пра што з ім гаварылі, калі падпісваў, звычайна не помніцца. А вось яго твар, рухі, часам нават усмешка – гэта неяк западае ў памяці. І яшчэ абставіны, у якіх рабіўся запіс – падчас сустрэчы аўтара з пленума ці нарады, у кнігарні, у мяне дома, ато і на вуліцы... Гэта ўсё кавалачкі жыцця, якое адышло–адляцела. Аўтографы ж засталіся.

Самы першы - на кніжцы, якую студэнты-аднакурснікі падарылі дя дня нараджэння. Наступны - зноў жа да гэтай даты, але подпісы належаць ужо сябрам аспіранцкіх гадоў. Ведаючы, што я стаў сур’ёзна цікавіцца мастацтва, яны паднеслі мне каштоўныя выданні, якія нядаўна вышлі з друку – «Вопросы режиccуры» (1955) і «Мастацтва Савецкай Беларусі»(1955). Сябры-аднакашнікі – гэта Вячаслаў Шаціла («Лукіч»), Коля Паўленка і Ваня Цішчанка(«Жан»). Мілых маіх спадарожнікаў аспіранцкага лёсу даўна, а я зараз выразна бачу іх маладыя абліччы. Паўленка і Цішчанка сталі праз годы прафесарамі мінскіх ВНУ і прыслалі мне некаторыя свае кнігі з подпісамі. В. Шаціла, старэйшы між намі, вучыўся ў аспіратуры на адной із кафедр аддзялення журналістыкі БДУ і спрабаваў пісаць прозу. Пісаў, папраўляў-крэсліў, выкідваў. Зноў пісаў. Прайшлі гады, і выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусціла ў 1978 годзе яго кнігу «Илья Дальников и другие», у якую вайшлі аповесць і раман. Творы, дарэчы, зусім добрыя ў мастацкіх адносінах. Кніга стаіць на адной з паліц маёй хатняй бібліятэкі, але без аўтографа: аўтар, на жаль, пайшоў ужо з жыцця, не дачакаўшыся жаданага выніку сваіх творчых старанняў. Праўда, Лукіч зрабіў для мяне яшчэ адзін запіс на кнізе. Было гэта ў апошні, 1957 год нашай з ім аспірантуры. Ён пакідаў інтэрнацкі пакой на Свярдлова, дзе мы разам жылі. На адной з кніжак, што трапіла VI пад руку, чыркнуў развітальнае: «...перед уходом в неизвестное». Меў на ўвазе чарговую жаніцьбу: нешта яму не шанцавала на спадарожніц жыцця.

Гэта былі самыя раннія, адрасаваныя мне аўтографы. ПАсля пайшлі іншыя – ад літаратараў, навукоўцаў, ад калег. Запісваліся ў Гродне і Мінску, у Беластоку, Гомелі, Маладзечне... Прысылаліся з Беларусі і іншых краін. Асабліва даражу аўтографамі дарагіх мне сяброў, з якімі давялося доўга крочыць па жыцці, хаця з многімі і на адлегласці ў прасторы. Гэта, акрамя згаданных вышей, Яўген Камароўскі, Генадзь Каханоўскі, Мікола Прашковіч, Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Чамярыцкі, Сакрат Яновіч, Алесь Белакоз, Уладзімір Урбановіч, Аляксей Каўка, Павел Сцяцко, Апанас Цыхун, Ігар Жук, Мікола Даніловіч, Янка Трацяк. Не магу абыйсці тут вельмішаноўных пісьменніц, якія сваімі аўтографамі неаднаразова пацвярждалі нашу шматгадовую сярдэчную прыязнасць і тьворчае паразуменне. Сярод іх назаву Зоську Верас, Ларысу Геніюш, Дануту Бічэль, Вольгу Іпатаву, Аўгінію Кавалюк, Людмілу Кебіч, Леанарду Юргілевіч, Алу Петрушкевіч ( Альжбету Кеду), Святлану Кошур...

Ганаруся шматлікімі аўтографамі паэтаў майго пакалення, з якімі быў злучаны дзесяцігоддзямі цёплых сустрэч і душэўнай блізкасці. Гэта НІл Гілевіч, Алег Лойка, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін. Тое ж можна сказаць пра гродзенцаў Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Юрку Голуба.

Сёння люблю глядзець на паліцы свае бібліятэкі, якая збіралася, на сутнасці, усё жыццё. Мне прыемна проста спыніцца пастаяць каля іх. Не гаворачы ўжо пра тое, каб узяць у руку нейкі том, разгарнуць яго, прачытаць некалькі старонак. Калі ж узгадаць пра свой немалады век, то трывожыць думка пра будучыні гэтых хавальніц мудрасці і хараства. Асабліва шкадую выданні з аўтографамі. А іх у мяне многа. Але помню кожную падпісаную кнігу: да яе ж прыклалася жывая чалавечая душа, каб сказаць мне нейкае сваё слова і зладзіць такім чынам паміж намі пэўную духоўную сувязь.

А каб сабраць усіх разам, хто пакідаў мне памятку на тытулах кніг? Гэта ж будзе вялікая і дужая грамада, што не прападзе, не падасца забыццю, знішчэнню. Такое рашэнне з’явілася нечакана і падалось вельмі слушным. Яны ж і мяне такой кагортай моцна падрымаюць у маім цяперашнім старэча-самотным лёсе. Дык пагуртуемся, шаноўныя пабрацімы і паплечнікі па беларускай справе! ПАчуем камфортна пад адной вокладкай гэтага выдання, нібы ў адзіным доме – правобразе таго вялікага дома, пра які самааддана клапаціліся тыя, хто ўжо не пакіне на тытуле свайго запаветнага слова, і тыя, хто сёння натхненна працуе, піша і марыць.

Аляксей Пяткевіч

Фрагмент кнігі Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, «Аўтографы – разам»