
Легенды не старой Гародні
Аўтар: Андрей Павач.
Загаловак: «Легенды не старой Гародні».
Ілюстрацыі: афорты і малюнкі Івана Русачака.
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 158.
Памер: кішэнны (130х175 мм).
Кошт: 10 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.
Анатацыя
Па-сапраўднаму чароўнае выданне, аздобленае фантастычнымі малюнкамі і афортамі вядомага беларускага мастака Івана Русачака, выйшла ў выдавецтве “ЮрСаПрынт” з нагоды 890-годдзя Гродна.
Больш 200 легенд і паданняў распавядаюць не толькі пра паходжанне гарадскіх тапонімаў або прысвечаныя знакамітым асобам і будынкам, плошчам і вуліцам. Маюцца тут і гісторыі, звязаныя з простымі гараджанамі, якія пераказваліся як анекдоты і нават жахі.
Сабраныя пад адной вокладкай гісторыі падзеленыя на сем раздзелаў: “На гарадзенскай брукаванцы”, “Рыцары, дойліды ды… малпачка”, “Каралеўскі дом”, “Госці. Званыя ды не вельмі”, “Людзі ды кветкі з-над Нёмана”, “Доўгая, доўгая дарога…”, “Нашыя байкі”.
Кніга прысвечана памяці Віктара Юр’евіча Саяпіна.

Уступ
Існуе легенда, быццам гарадзенскія гісторыкі пасля смерці ператвараюцца ў яшчарак на Старым замку…
Дакладней, гэтай легенды не было яшчэ хвіліну назад, але зараз яна ўжо існуе. Дарма што пра яе пакуль ведаем толькі мы з вамі. Ну і, магчыма, яшчаркі, але ж яны, мабыць, ад усяго будуць адмаўляцца! Як і некаторыя з гісторыкаў. Прынамсі, я знаёмы з адным прафесарам, які ўпэўнены, што памяць пра яго перажыве стагоддзі. А тут – яшчарка! Або – заяц. Апошні раз бачыў на Замкавай гары зайца, які там заначаваў. А ёсць яшчэ кажаны, чмялі, коткі.
Дарэчы, цікава, што сярод парэшткаў костак розных жывёл, што адкапалі археолагі, былі нават шкілеты зуброў, сабак, дзікіх кабаноў, аднак – аніводнай коткі. Магчыма, што сапраўдныя гарадзенскія каты несмяротныя? Неяк давялося пачуць ад аднаго старога, што да першых Саветаў мясцовыя каты былі зусім іншыя – ладныя ды спрытныя, а пасля разам з бальшавікамі прыйшлі нейкія кудлатыя, дзікія, ды яшчэ і мышэй не ловяць…
А наогул гісторыкі і жывуць як яшчаркі, увесь час азіраючыся па старанах. Нешта шукаюць, кудысьці бягуць, спяшаюцца. Таму і легенд пра іх, напэўна, так няшмат. Адна з маіх любімых – пра археолага Міхася Ткачова, які падчас сяброўскага застолля падняў тост у гонар гарадзенскага кашталяна Давыда, пахаванага, маўляў, каля старажытнай Каложы. Магчыма, яму стала крыўдна, што ў Гародні ўсе забыліся на славутага ваяра. Аднак словы паважанага прафесара ўспрынялі паважна, ды настолькі, што колькасць магіл адразу павялічылася. І сёння экскурсаводы з захапленнем распавядаюць пра тое, як цела князя ягоная дружына на шчытах прынесла з паходу ды пахавала ля сцен старой царквы побач з ягонымі жонкай ды дзецьмі, забітымі раней крыжакамі.
Ці гісторыя пра гісторыка, якога забыліся ў архіве і якому прыйшлося выбірацца праз балкон з другога паверха. Але тое, праўда, было не ў Гародні. У Гародні ж аднойчы паліцмайстар зрабіў ператрус на кватэры мясцовых архіварыусаў Чаховіча ды Пташынскага, дзе раптам адшукаў скрадзеныя архіўныя дакументы: копіі каралеўскіх прывілеяў часоў Станіслава Аўгуста, матэрыялы Літоўскай калегіі і Галоўнага трыбунала, загады мясцовай Казённай палаты. Навошта архіварыусам спатрэбіліся старажытныя паперы, можна толькі здагадвацца.
Іншым разам гарадзенскі губернатар прызначыў настаўнікаў мясцовай гімназіі Класоўскага ды Кургановіча шукаць па мясцовых установах старажытныя манускрыпты. Больш за тое. Няшчасныя павінны былі штомесяц складаць справаздачу аб знойдзеных “дакументах ды хартыях”. Даследчыкі толькі прасілі вышэйшыя ўлады дачакацца “наступлення цяпла”, каб быць у стане выехаць з горада.
Адных гісторыкаў, як першага дырэктара гарадзенскага музея Юзафа Ядкоўскага, выганялі з горада за тое, што тыя не тое, не тады і не там знайшлі, іншых – звальнялі з працы за тое, што не там ды не тое надрукавалі. Наадварот, Іван Саланевіч, аўтар знакамітай кніжкі пра савецкія лагеры, узгадваў пазней, што ў ягоным жыцці былі два самыя радасныя дні: першы – калі ён кінуў гарадзенскую гімназію, дзе вучыўся, і тым самым вызваліўся ад “гімназічнай руціны”, ды другі – калі некалькі дзесяцігоддзяў пасля, уцякаючы з Савецкага Саюза, нелегальна перайшоў праз мяжу.
А вось яшчэ гісторыя пра таго ж Ядкоўскага, што прывёз у Гародню новага старасту на… гармаце. Падчас экскурсіі на Валынь у адным са старажытных замкаў Ядкоўскі знайшоў у замкавым парку сярод кустоў старыя закінутыя гарматы, якія ляжалі ў беспарадку. Адну з іх ён захацеў мець у сябе ў Гародні, у музеі. Таму ён звярнуўся з просьбай да мясцовага старасты Зыгмунта Рабакевіча, які хутка надаў справе пазітыўны ход. Лёсу было заўгодна, каб неўзабаве пасля гарматы ў Гародню прыбыў і сам Рабакевіч, гэтым разам у якасці гродзенскага старасты. Пры першай сустрэчы з захавальнікам музея ён пажартаваў: “Зараз усе будуць казаць, што я прыехаў на гармаце”…
А можа, вы чулі пра гарадзенскага выкладчыка гісторыі Леона Бейнера, які пасля Другой сусветнай вайны з’ехаў у Польшчу, дзе праславіўся як аўтар гістарычных кніг пад псеўданімам Павел Ясяніца? Праўда, калі гісторык дазволіў сабе выступіць з крытыкай камуністычных улад, яго абвінавацілі ў сувязі з… польскімі жа спецслужбамі! Хутка пасля гэтага той, пакінуты амаль усімі, памірае. І толькі значна пазней, калі былі адкрыты сакрэтныя архівы, выявілася, што жонка пісьменніка ўвесь гэты час заставалася агентам службы бяспекі і сістэматычна пасылала “куды трэба” рапарты пра свайго мужа. Яна нават напісала справаздачу з ягонага пахавання…
Што да гарадзенскіх гісторыкаў, дык тыя пэўна ператвараюцца ў яшчарак. Нават калі ім прыйшлося пры жыцці адсюль з’ехаць. ЯкЮзафу Ядкоўскаму. Ён дакладна вярнуўся ў любімы горад у нейкім новым абліччы.
А ці распавядаюць гісторыі самі яшчаркі са Старога замка – вось гэта пытанне. Сапраўды, калі вавельскі цмок можа ззяць агнём, чаму ягоныя далёкія кроўныя не ў стане заняцца нечым больш творчым ды натхняльным? Было б толькі каму слухаць іх гісторыі! Ці нават не так – легенды. Легенды неСТАРОЙ Гародні.
Чаму “не СТАРОЙ”?..
Бо пакуль не скончыўся аповед, мінулае ўвесь час вяртаецца да нас, змяняючы ўчора на сёння.









*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.