Выдавецтва «ЮрСаПрынт» Гродна

Нашы
паслугі
паліграфіі

Выдавецтва кніг

Нашы
выданні
2018 года

Зборнік «Краязнаўчыя запіскі
Выпуск 11»

Зборнік навуковых артыкулаў «Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 11»

Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 11

     

Рэдактар: Ю. В. Кітурка.
Рэдкалегія: К. В. Галота, А. А. Данілевіч, В. М. Царук.
Загаловак: Зборнік навуковых артыкулаў «Краязнаўчыя запіскі. Выпуск 11».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 155.

     

Анатацыя

У дзясятым выпуску зборніка “Краязнаўчыя запіскі” змешчаны артыкулы, у якіх разглядаюцца гісторыя забудовы, праблемы захавання, аднаўленчыя работы ў замках і сядзібах Гродзеншчыны.

Матэрыялы кнігі адрасуюцца выкладчыкам ВНУ, настаўнікам, вучнёўскай і студэнцкай моладзі, а таксама краязнаўцам і аматарам гісторыі і культуры прынёманскага рэгіёна.

     

Фрагмент артыкула зборніка

«Новыя дыскурсы інтэрпрэтацыі мінулага ў музеях Беларусі», Гужалоўскі А. А.

Тэму дадзенага выступу справакаваў дэвіз, пад якім 18 мая 2017 г. ва ўсім свеце (у т. л. у Рэспубліцы Беларусь) праходзіў Міжнародны дзень музеяў. Ён даслоўна гучаў наступным чынам: “Музеі і спрэчная гісторыя: Музей, які кажа аб невымоўным”. Міжнародны савет музеяў, які сфармуляваў гэты дэвіз, патлумачыў сваё рашэнне наступным чынам: “Толькі адкрыта прагаворваючы, слухаючы і дыскутуючы розныя, нават супрацьлеглыя, разуменні і інтэрпрэтацыі гістарычнага мінулага, якое часта мела траўматычны характар, грамадства ў стане знайсці паразуменне і падмурак для далейшага плённага развіцця” [20].

Гісторыю музейнай справы можна прадставіць як бесперапынны працэс пераасэнсавання і пашырэння меж экспазіцыйнай прэзентацыі. Да якіх меж сучасныя беларускія музеі пашырылі разуменне меж паказу мінулага з прафесійнага, ідэалагічнага, а таксама этычнага пунктаў гледжання?

Найважнейшымі падзеямі музейнага жыцця нашай краіны ў ХХІ стагоддзі было, безумоўна, адкрыццё Музея “Замкавы комплекс «Мір»” (2010) і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” (2012). Сёння гэтыя два музеі, якія размешчаны ў архітэктурных помніках, уключаных у Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА, з’яўляюцца візітнымі карткамі Беларусі. Іх ансамблевыя экспазіцыі наглядна распавядаюць пра жыццё і побыт сацыяльных эліт Вялікага Княства Літоўскага, а навуковадапаможныя матэрыялы доказна даводзяць наведвальнікам, што гэтыя эліты мелі мясцовае, г. зн. беларускае паходжанне [10, c. 43]. Падобнае вобразнае ўвасабленне канцэпцыі Вялікага Княства Літоўскага, выкладзенае ў новай беларускай гістарыяграфіі канца ХХ – пачатку ХХІ ст., было заўважана прадстаўнікамі гістарычнага цэха суседніх краін. Так, загадчык кафедры гісторыі славянскіх краін Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта прафесар А.І. Філюшкін пасля агляду экспазіцыі ў Міры і Нясвіжы канстатаваў: “Праз культ сярэдневяковых замкаў і культ шляхты Беларусь нібыта сцвярджаецца на еўрапейскім шляху развіцця, пацвярджае і дэкларуе ўласную еўрапейскую біяграфію, культурна-цывілізацыйную прыналежнасць” [19, c. 7]. Працэс вяртання сацыяльных эліт Вялікага Княства Літоўскага ў гістарычную памяць беларускага народа быў працягнуты ў 2015 г., калі свае дзверы для публікі адчынілі Музейсядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі, а таксама Музей сядзібнага побыту ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе [3, c. 133].

Не менш важнай падзеяй музейнага жыцця бягучага стагоддзя быў пераезд у 2014 г. у новы будынак Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і стварэнне ў ім новай экспазіцыі. З улікам вялікага значэння, якое надае Вялікай Айчыннай вайне, а дакладней, перамозе ў ёй дзяржаўная ідэалогія Рэспублікі Беларусь, перад навуковымі супрацоўнікамі, мастакамі-дызайнерамі, інжынерна-тэхнічнымі работнікамі стаяла надзвычай складаная задача. Сітуацыя абвастралася рознай дзяржаўнай палітыкай памяці, што праводзілася ў дачыненні да падзей Другой сусветнай вайны ў бліжэйшых суседзяў – Расіі і Украіне. У апошняй гэтая палітыка знайшла лагічнае завяршэнне ў перайменаванні ў 2015 г. Нацыянальнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Нацыянальны музей гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне.

Тым не менш, новы тэматыка-экспазіцыйны план быў складзены, зацверджаны і паспяхова рэалізаваны на плошчы 3,6 тыс. кв. метраў. Ужо ва ўводнай зале аўтары экспазіцыі заклалі новы пацыфісцкі дыскурс, змясціўшы на мадэлі зямнога шара словы Плутарха: “Вайна – жорсткая рэч, яна цягне за сабою несправядлівасць і злачынствы”. Новы час вымагаў таксама паказу гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце буйнейшых падзей Другой сусветнай вайны, актыўнага выкарыстання тэатральных прыёмаў, а таксама электронных інфармацыйных кіёскаў. Напярэдадні адкрыцця ў музеі з’явілася зала пад назвай “Нашчадкі Вялікай Перамогі”, дзе права на спадчыну Перамогі было перададзена прадстаўнікам сілавых структур [1, c. 9–14].

З чэрвеня 2014 г. на тэрыторыі Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” у паўднёва-ўсходнім сектары існуе экспазіцыйны цэнтр пад назвай “Музей вайны – тэрыторыя Міру”, экспазіцыя якога ўвабрала ў сябе матэрыялы, якія раней ніколі не дэманстраваліся публіцы. У цэнтры было створана інфармацыйнае асяроддзе для наведвальнікаў, дзе апошнім прапаноўвалася размова на шэраг тэм, табуіраваных у савецкай гістарыяграфіі. Так, новая экспазіцыя з выкарыстаннем сучасных медыйных тэхналогій больш шырока асвятляе тэму палону. Акрамя таго, у ёй была зроблена спроба пераінтэрпрэтацыі савецкіх паражэнняў на пачатковым этапе вайны. Супрацоўнікі комплексу распачалі стварэнне электроннага банка дадзеных на ваеннаслужачых гарнізона Брэсцкай крэпасці і іх сем’і, падзеленых на чатыры групы: тых, хто працягнуў службу ў РСЧА, удзельнікаў партызанскага руху, ваеннапалонных і прапаўшых без весткі [17, c. 58].

Мемарыялізацыя аднаго з важнейшых персанажаў беларускага нацыянальнага пантэона – Тадэвуша Касцюшкі – адбылася на яго радзіме ў значнай ступені дзякуючы сусветнаму маштабу асобы і наяўнасці мемарыяльных музеяў, прысвечаных Касцюшку ў Залатурне і Філадэльфіі. У студзені 2003 г. Брэсцкі аблвыканкам прыняў рашэнне “Аб аднаўленні сядзібнага дома Т. Касцюшкі і стварэнні мемарыяльнага музея”. А ўжо ў верасні наступнага года адбылося ўрачыстае адкрыццё дома-музея ў Мерачоўшчыне, які быў рэканструяваны на грошы аблвыканкама і Амбасады ЗША ў Мінску. Экспазіцыя Мемарыяльнага музеясядзібы Тадэвуша Касцюшкі выглядае менш ваяўніча, чым залы Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея, прысвечанага яго апаненту – А.В. Сувораву, падзяляецца на мемарыяльную і гістарычную часткі. У мемарыяльнай частцы, якая складаецца з сенцаў, кухні, пакоя маці, працоўнага кабінета бацькі Касцюшкі і гасцінай, дэманструецца пераважна мэбля ХVІІІ–ХІХ стст. У гістарычным пакоі знаходзяцца матэрыялы археалагічных раскопак 2003 г., манеты, медалі, грашовыя банкноты з партрэтам палкаводца, герб і генеалагічнае дрэва роду Касцюшкаў, косы касінераў і інш. Наведвальнікам музея прапануецца экскурсія па ўсіх пакоях і прагляд 18-хвіліннага фільма, створанага пры фінансавай падтрымцы ЮНЭСКА. З 2009 г. уведзена новая паслуга, якая дазваляе маладым парам зарэгістраваць шлюб на тэрыторыі музея [6].

У Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту ў 2015 г. была зроблена спроба “ажывіць” архітэктурныя аб’екты з дапамогай асабістых рэчаў і дакументаў іх колішніх уладальнікаў. Першай з былых уладальнікаў помнікаўсядзіб у музей наведаць родную хату прыехала з в. Заброддзе Стаўбцоўскага раёна Гелена Валяр’янаўна Бець. Яна перадала каштоўны сямейны архіў канца ХІХ – пачатку ХХ ст., які складаецца з дакументаў па судовых справах, страховак, ашчадных кніжак, будаўнічых планаў, папяровых грошай, кніг, часопісаў, фотаздымкаў. Іх экспанаванне дазволіла персаніфікаваць помнік дойлідства, вярнуць яму сацыяльны кантэкст, надаць антрапалагічнае вымярэнне [5, c. 1, 12]...

Фрагмент №1 зборніка навуковых артыкулаў «Гадавік студэнцкага навукова-даследчага гуртка НіКа. Том 2»
Фрагмент №2 зборніка навуковых артыкулаў «Гадавік студэнцкага навукова-даследчага гуртка НіКа. Том 2»
Фрагмент №3 зборніка навуковых артыкулаў «Гадавік студэнцкага навукова-даследчага гуртка НіКа. Том 2»