
Доўгія версты вайны
Укладальнікі: Чыкун С. Я., Пацэнка М. І., Хоміч А. Ц.
Загаловак: «Доўгія версты вайны».
Вокладка: цвердая.
Колькасць старонак: 448.
Кошт: 30 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.
Анатацыя
Гэтая кніга стваралася дзясяткі гадоў, пачынаючы з чэрвеня 1941 г. Яе пісалі нашы землякі, якія гінулі ў акопах і якія вярнуліся з перамогай... І тыя, хто быў вывезены ў Германію, хто ваяваў у партызанскіх атрадах, ці працаваў у глыбокім тыле. Гэта кніга аб вайне, аб людзях, якія перажылі яе, аб Вялікай Перамозе.
Кніга будзе цікавай аматарам гісторыі і прафесійным гісторыкам, усім чытачам, хто неабыякавы да нашай мінуўшчыны.
Фрагмент зварота да чытача
Вы трымаеце ў руках незвычайную кнігу, якая стваралася амаль 80 гадоў, пачынаючы з трагічнага чэрвеня 1941 года. Пісалі яе дзясяткі людзей, многія з якіх, як і герояў іх нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю, няма ўжо сярод нас… Гэта кніга аб вайне … А правільней – аб людзях, перажыўшых вайну…
Гісторыя планеты яшчэ не ведала такога страшэннага варварства, якое тварылі нацысцкія акупанты на захопленай імі тэрыторыі Беларусі ў час апошняй вайны, у якой, нягледзячы на страшныя пакуты і жудасныя страты, разам з іншымі народамі перамаглі савецкія людзі. Сярод іх – і нашы землякі, якія ўпісалі сваю старонку ў гераічны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. У смяротнай барацьбе з фашызмам яны выканалі свой грамадзянскі і патрыятычны абавязак – змагаліся і многія гінулі за незалежнасць нашай Айчыны. На фронт пайшло амаль 2 тысячы бераставічан, і толькі палова з іх вярнулася дамоў. Загінуў кожны другі. Значная колькасць учарашніх салдат вярнуліся скалечанымі, кантужанымі, параненымі. Многія з тых, хто вярнуўся, памерлі ў першыя пасляваенныя гады.
Іх, ветэранаў вайны, сёння засталося вельмі мала. У святочныя дні яны надзяваюць свае ўзнагароды і з кветкамі ў руках, з унукамі і праўнукамі ідуць да помнікаў. У іх – ці гэта сяржант ці радавы баец, партызан ці падпольшчык – ва ўсіх сваё разуменне тых падзей, свой салдацкі гонар. І яны маюць на гэта свяшчэннае права, таму што яны перамаглі самае страшнае – гітлераўскі нацызм.
Не ўсе нашы землякі адзначаны ўзнагародамі за ратныя подзвігі. І не іх у гэтым віна. Але яны набліжалі перамогу як маглі: ішлі ў атаку і падалі ад куль і асколкаў, лячыліся ў шпіталях і зноў ішлі на фронт. Большасць з іх, як самую дарагую рэліквію, захоўваюць Падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна, надрукаваныя на пажаўцелай ад часу, працёртай на згібах паперы, іншыя маюць Падзякі ад камандуючых франтамі, арміямі, дывізіямі. Словам, усе яны сумленна выканалі свой воінскі абавязак.
Успаміны нашых землякоў, удзельнікаў вайны – франтавікоў друкуюцца ў гэтай кнізе ў раздзеле “Доўгія вёрсты франтавых дарог”. Каб нікога не пакрыўдзіць, незалежна ад звання, узнагародаў і часу знаходжання на фронце – гэтыя ўспаміны падаюцца ў алфавітным парадку прозвішчаў іх герояў. А ўсяго ў раздзеле надрукавана больш за сто ўспамінаў нашых землякоў-франтавікоў. Запісаны яны ў розныя гады: і ў 1946 – 1950 гадах, калі цела і душа кроватачыла ад цяжкіх успамінаў, і ў больш познія часы.
Складальнікі кнігі пераглядзелі ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Карскага і архівах камплекты бераставіцкай раённай газеты “Знамя Советов” (1945–1962 гг.), свіслацкай раённай газеты “Заветы Ильича” (1962–1966 гг.), якая выдавалася ў час аб’яднання двух раёнаў – Свіслацкага і Бераставіцкага. Дзякуючы работнікам рэдакцыі “Бераставіцкай газеты” і Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В.М.Кавалеўскага ў нас была магчымасць пазнаёміцца з камплектамі раённай газеты “За камунізм” (1967–1991 гг.) і “Бераставіцкай газеты” (1992–2018 гг.). Вяліся пошукі запісаных успамінаў франтавікоў і ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, у Дзяржаўным архіве грамадскіх аб’яднанняў Гродзенскай вобласці. Па-за ўвагай складальнікаў не застаўся ні адзін матэрыял, у якім гутарка ідзе аб вайне.
Цяжкі лёс выпаў на долю нашых землякоў і ў час нямецкай акупацыі. Больш за тысячу мужчын, юнакоў і дзяўчат, дзяцей было вывезена ў фашысцкую Германію: ва Усходнію Прусію і ў іншыя рэгіёны Нямеччыны. Аб іх незайздросным лёсе можна прачытаць у раздзеле “У змрочныя дні акупацыі”. Тут жа прыводзяцца ўспаміны бераставічан аб тых парадках, якія ўсталявалі акупанты на Бераставіччыне і ў іншых мясцінах Беларусі.
У раздзеле “Бераставіччына змагаецца” аповед ідзе аб партызанах і падпольшчыках, якія змагаліся ў нашых месцінах, і аб тых бераставічанах, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах у іншых раёнах Беларусі.
Думаецца, што будзе цікавым, асабліва для малодшага пакалення, і раздзел “Лісты з фронту”. Яны не рэдагаваліся і не правіліся: як напісаны, так і надрукаваны. У іх любоў да блізкіх, нянавісць да ворага, вера ў перамогу.
Перамога гартавалася не толькі на фронце, але і ў тыле. Аб гэтым раскажа невялікі раздзел “Перамога гартавалася і ў тыле”. Цяжкі лёс выпаў на долю жанчын, якія засталіся ўдовамі. Аб іх пойдзе аповед у раздзеле “Салдацкія ўдовы”.
“И помнит мир спасённый, мир вечный, мир живой…”. Так называецца апошні раздзел гэтай незвычайнай кнігі. У назве выкарыстаны словы з шырока вядомай у свой час (1960–1970 гг.) песні, якую выконвалі вядомыя спевакі Марк Бернэс, Уладзімір Трошын, Георг Отс. У самой назве – заклінанне да жывых і рэквіем загінулым і памерлым, якія здабылі гэты мір цаною шматлікіх ран і пакут, а многія – і цаной свайго жыцця… Сімвалічна, што кніжка выйшла ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка–фашысцкіх захопнікаў і ў 75-цігадовы юбілей Гродзенскай вобласці і Бераставіцкага раёна.









*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.