Выдавецтва
«ЮрСаПрынт»
Гродна

Паслугі
аператыўнай
паліграфіі

Шашы
выданні
2020
года


М. І. Лук’янчык

«Мая Дзятлаўшчына:
для
жыцця
на
зямлі»

М. І. Лук’янчык, «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»

Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі

     

Аўтар: М. І. Лук’янчык.
Загаловак: «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 156.
Кошт: 5 руб. (пры набыцці ў нашым офісе*).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

Анатацыя

Аўтар зборніка на працягу многіх гадоў вядзе краязнаўча-пошукавую работу па вывучэнні гісторыі Дзятлаўскага раёна, біяграфій яго жыхароў, іншых людзей, якія зрабілі свой унёсак у развіццё Дзятлаўшчыны.

На старонках зборніка аматары гісторыі і людзі неабыякавыя да мінулага роднага краю могуць знайсці шмат цікавай інфармацыі аб ваенных трагедыях, подзвігах нашых землякоў і суайчыннікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, акунуцца ў жыццё вёсак Дзятлаўскага раёна, даведацца пра гісторыю заснавання некаторых прадпрыемстваў, установаў і арганізацый, пазнаёміцца з гісторыяй некалькіх храмаў Дзятлаўшчыны і іх святароў. У сваіх пошуках аўтар абапіраецца на архіўныя дакументы і даведкі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна, успаміны землякоў-старажылаў.

Зборнік можа істотна ўзбагаціць наша ўяўленне аб далёкай і блізкай гісторыі роднага краю.

     

Аб аўтары выдання

Міхаіл Іванавіч Лук’янчык нарадзіўся 30 жніўня 1953 года ў вёсцы Падвялікае Дзятлаўскага раёна.

У 1970 годзе закончыў Руда Яварскую сярэднюю школу, затым гісторыка­педагагічны факультэт Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы ў 1976 годзе. Працаваў у розных школах Дзятлаўскага раёна настаўнікам гісторыі і геаграфіі, намеснікам дырэктара, дырэктарам Нагародавіцкай васьмігадовай і Раготнаўскай сярэдняй школ, больш сямі гадоў на пасадзе старшыні сельскага Савета. Да выхаду на пенсію ў 2014 годзе настаўнік гісторыі і геаграфіі школы “Баравічок” Рэспубліканскага цэнтра аздараўлення дзяцей. Працоўную дзей насць завяршыў у 2016 годзе ў якасці старшага навуковага супрацоўніка Дзятлаўскага гісторыка­краязнаўчага музея. Цяпер як края знаўца займаецца вывучэннем невядомых старонак гісторыі Дзятлаўшчыны, публікуецца ў розных перыядычных выданннях.

     

Радзімы куточак зямлі

У жыцці кожнага чалавека ёсць такія мясціны, дзе ён нарадзіўся, вырас, адкуль пайшоў на шырокія прасторы жыцця. Здаўна такія мясціны называюць мая Радзіма. На карце сучаснага Дзятлаўскага раёна ёсць цудоўная вёска, якая ўтульна размясцілася па берагах ракі Пад’яваркі – Руда-Яварская. У гэтай вёсцы жылі мае бацькі, старэйшыя сёстры, сябры. Тут я вучыўся ў школе, адсюль атрымана пуцёўка ў будучае. За гераічны ўдзел жыхароў вёскі ў партызанскай барацьбе ў гады Вялікай Айчыннай вайны яна атрымала і пачэсную назву Партызанская.

Хацелася б нагадаць, магчыма, і невядомыя факты з жыцця маёй вёскі, яе людзей. Вядома, што ў канцы 18 стагоддзя, пачалі зараджацца першыя капіталістычныя прадпрыемствы – мануфактуры. Іх уладальнікамі былі магнаты-памешчыкі, а рабочымі з’яўляліся прыгонныя сяляне.

Тэрыторыі абапал рэк Пад’яварка і Чарняўка былі багатыя балотнай рудой. Князі Радзівілы, якія валодалі зямлямі і маёнткам Явар вырашылі арганізаваць вытворчасць жалеза.

На берагах Пад’яваркі ўзнік пасёлак Руда, а перасяленцы з в. Явар далі назву “Яварская”. У вёсцы Гута, за тры кіламетры ад Руды Яварскай, была арганізавана вытворчасць шкляных вырабаў. Пазней вытворчасць жалеза і шкла былі спынены.

У 1923 годзе Руда Яварская ўваходзіла ў склад гміны сельскай Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства. Па сваіх рэлігійных поглядах насельніцтва падзялялася ў асноўным на праваслаўных і каталікоў. З’явіліся першыя яўрэйскія пасяленні. У 1936 годзе быў пабудаваны драўляны будынак касцёла Святога Іосіфа. Ён быў асвечаны ў жніўні 1938 года. Найбольш значны ўнесак у развіццё духоўнай культуры зрабіў святар Уладзіслаў Канстанцінавіч Аношка (1902-1941).

Вядома, што ў. Аношка напісаў трактат “ Учение Петра Могилы о церкви и её иерархии».” З прыходам Савецкай улады, у канцы верасня 1939 года касцёл быў аддадзены праваслаўным вернікам. Царква існавала ў гэтым будынку з 1939 па 1976 год. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны У. Аношка значыўся як рэктар мясцовай царквы і адміністратар прыхода Руда Яварская. З прыходам нямецка-фашысцкіх захопнікаў свяшчэннік выступаў у абарону жыццёвых інтарэсаў мясцовых прыхажан. У кастрычніку 1941 года ён быў схоплены гестапаўцамі і растраляны. У 1976 годзе памяшканне касцёла было аддадзена для патрэб калгаса пад склад. Будынак касцёла вернуты каталіцкім вернікам толькі ў 1989 годзе. Для праваслаўных вернікаў па ініцыятыве тагачаснага старшыні калгаса “Перамога” Ламака Міхаіла Іванавіча была абсталявана і асвечана царква, якая размясцілася ў недабудаваным будынку хаты былога дырэктара школы Клімко Сяргея Іванавіча. Свята-Міхайлаўская царква пачала дзейнічаць з 1991 года.

Пра ўдзел жыхароў вёскі Руда Яварская ў Вялікай Айчыннай вайне вельмі падрабязна расказваецца ў кніге былога дырэктара школы Шчарбацэвіча Аляксея Пятровіча “Край, дзе ўзнімаюць крылы буслы”. Яна выдадзена ў 2014 годзе і змяшчае шмат успамінаў мясцовых жыхароў. Так, дзякуючы пошукавай рабоце вучняў (ужо былой Руда-яварскай сярэдняй) школы пад кіраўніцтвам Лапата Людмілы Мікалаеўны стала вядома аб гераічнай барацьбе партызанскага атрада пад кіраўніцтвам Ёселя Атласа.

Для мясцовага насельніцтва вёскі памятным застаўся летні дзень 1965 года. Многія чулі пікуруючы гул самалёта.

Мы выбеглі на вуліцу і ўбачылі, што ў накірунку ад касцёла да калгаснага саду ляціць самалёт. Праз імгненне пачуўся вялізарны выбух. Кінуліся туды, але пачалі ўзрывацца баепрыпасы ў самалёце. Праз некаторы час на верталётах прыбылі прадстаўнікі камандавання лётнай часці. Аказалася, што лётчык-пілот 1 класа 979-га Ваўкавыскага знішчальнага палка капітан Крычмар выконваў трэніровачны палёт.

Але ў самалёта МіГ-19С, які пілатаваў лётчык, адказаў матор. У гісторыі вёскі найбольш важкая старонка і аб яе людзях. Гэта яны, хлебаробы, настаўнікі, медыкі, культработнікі, унеслі значны ўнесак у тое, каб аб Рудзе Яварскай ведалі не толькі ў раёне, але і за яго межамі. Школа заўсёды з’яўлялася цэнтрам вясковай цывілізацыі, месцам, адкуль падрастаючае пакаленне атрымоўвала пуцёўку ў жыццё.

Парознаму склаліся лёсы педагогаў школы і іх вучняў. Як сувязь пакаленнняў, сувязь мінулага і сучаснага ў вёсцы маўклівымі помнікамі застаюцца стаяць два будынкі школы. Людзі старэйшага пакалення помняць, як агульнаю талакою будавалі яе драўляную спартыўную залу і мураваны будынак.

У гэтай школе працавалі настаўнікі, пра якіх помняць выпускнікі школы розных пакаленняў. Тут вучыліся тыя дзеці, якія былі пераможцамі не толькі раённых алімпіяд і конкурсаў, але і абласных. Так з 5-га па 8-ы клас у школе вучыўся Мармыш Генадзій Грыгоравіч. Цяпер ён вядомы не толькі ў рэспубліцы, але і за мяжой як доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры Гродзенскага медуніверсітэта, таленавіты хірург “ад бога”. Закончыла Рудаяварскую школу і старшы выкладчык БДУ, дацэнт Сячко (Лук’янчык) Вольга Іванаўна, аўтар звыш 30 падручнікаў і метадычных дапаможнікаў па хіміі для вучняў і настаўнікаў школ нашай Рэспублікі. У чэрвені 2018 года адзначыла свой юбілей і выпускніца школы, беларуская паэтэса Нікіпорчык Ала Дзмітрыеўна.

Яна лаўрэат прэміі імя А. Дубко Гродзенскага аблвыканкама “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва” за 2010 год, лаўрэат Рэспубліканскага літаратурнага конкурса “Лепшы твор 2012 года”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар шматлікіх паэтычных выданняў, сярод якіх “Сляза і малітва”. Цяпер жыве ў вёсцы і працуе над паэтычнымі творамі Каско Сяргей Аляксандравіч, мясцовы паэт-самавучка.

У Гродзенскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Я.Купалы добра ўсім вядома Місарэвіч (Стырнік) Наталля Ва-лянцінаўна. Яна загадчыца кафедры грамадзянскага і міжнароднага права, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Сярод выпускнікоў – кіраўнікі сельскагаспадарчых, прамысловых і камунальных прадпрыемстваў, дырэктары школ.

Аб працавітых і таленавітых людзях Рудаяварскага краю можна, ды і патрэбна, гаварыць і доўга расказваць. З лёсаў гэтых людзей складаецца лёс роднага краю.

Змест №1 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»
Змест №2 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»
Фрагмент №3 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»
Фрагмент №4 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»
Фрагмент №5 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»
Фрагмент №6 выдання М. І. Лук’янчыка «Мая Дзятлаўшчына: для жыцця на зямлі»

Спампаваць фрагмент выдання

Спампаваць змест выдання

     

     

*Сайт usp.by не з'яўляецца інтэрнэт крамай.
Мы ажыццяўляем раздробны гандаль нашай прадукцыяй у нашым офісе, размешчаным па адрасе: г. Гродна, вул. Карла Маркса, 11.
На сайце прадстаўлены каталог нашых кніжных выданняў; на ім адсутнічаюць: кошык заказаў, магчымасць замовы online, аплата за тавар дыстанцыйным шляхам.
Набыццё нашых выданняў, прадстаўленых у каталогу нижэй, магчыма ў нашым офісе.
Спосабы аплаты: наяўны разлік, банкаўская карта, безнаяўны разлік.