Выдавецтва «ЮрСаПрынт» Гродна
Руслан Кулевіч, «Гісторыі з гродзенскіх вуліц»

Руслан Кулевіч, «Гісторыі з гродзенскіх вуліц»

Гісторыі з гродзенскіх вуліц

     

Аўтар: Руслан Кулевіч.
Загаловак: «Гісторыі з гродзенскіх вуліц».
Вокладка: цвердая.
Колькасць старонак: 224.
Кошт: 20 руб. (пры набыцці па па безнаяўным разліку).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

ПРАДМОВА

Гісторыя Гародні (Гродна / Grodno) мае шмат абліччаў. Найчасцей у цэнтры ўвагі гісторыкаў была Улада. Адпаведна пісаліся кнігі пра “польскі”, “расейскі” ці “савецкі” горад. Іх аўтары, якія больш нагадвалі прыдворных летапісцаў, звычайна канцэнтраваліся на нейкім адным перыядзе, адпраўляючы ў нябыт усе іншыя. У выніку гісторыя нашага горада больш нагадвала старажытны палімпсест. Толькі ў апошнія гады беларускія даследчыкі пачалі пісаць пра Гародню як пра шматканфесійны і шматнацыянальны феномен, у якім не павінна быць знішчаных і забытых старонак. Аб’ектам навуковай цікавасці стала жыццё звычайных гараджан, іх штодзённыя клопаты, надзеі і расчараванні, а таксама нязбыўнае памкненне быць свабоднымі і жыць у вольным горадзе. Аднак ва ўсе часы за вольнасць даводзілася змагацца, і не заўсёды гэтае змаганне было паспяховым. Паразы ператваралі Каралеўскую Гародню ў правінцыю. Але горад працягваў жыць, і новыя пакаленні гарадзенцаў напаўнялі ўласным жыццём старонкі ягонай гісторыі.

Гісторыя горада – гэта таксама жыццёвыя гісторыі яго жыхароў, якія з’яўляюцца галоўнымі аўтарамі амаль тысячагадовага падарожжа Каралеўскай Гародні ў часе, і якія здаўна чакаюць магчымасці распавесці пра яго. Вусная гісторыя якраз дазваляе гэта зрабіць. Яе галоўная каштоўнасць у тым, што яна ў пэўным сэнсе вяртае гісторыю да звычайных даляглядаў чалавечага жыцця, ператварае яе ў “жывы арганізм” і даносіць да сучаснікаў подых мінулага, пазбаўлены ідэалагічных і палітычных сімпатый. Сведкі гісторыі ацэньваюць мінулае з пазіцыі агульначалавечых каштоўнасцяў і арыенціраў, сярод якіх адным з галоўных з’яўляецца каштоўнасць самога жыцця і ягоная адпаведнасць Божым запаведзям.

Брытанскі даследчык Пол Томпсан, які стаяў ля вытокаў вуснай гісторыі ў Еўропе, у кнізе “The Voice of the Past. Oral History” (1978) сцвярджаў, што вусная гісторыя “напаўняе гісторыю жыццём і пашырае яе маштаб, дазваляе знайсці герояў не толькі сярод правадыроў і лідараў, але таксама сярод невядомай большасці, дапамагае найменш абароненым людзям, асабліва старым, адшукаць годнасць і ўпэўненасць, […] спрыяе ўзаемаразуменню паміж сацыяльнымі класамі і пакаленнямі, […] дапамагае людзям адчуць сябе людзьмі. Не менш важна, што вусная гісторыя кідае выклік агульнапрызнаным гістарычным міфам, аўтарытарнасці суджэнняў, закладзенай у навуковай традыцыі, і спрыяе радыкальнаму пераўтварэнню сацыяльнага сэнсу гісторыі”.

Пры гэтым вусныя ўспаміны не толькі адчыняюць дзверы ў мінулае, адначасна яны дазваляюць лепш зразумець сучасную эпоху і сучаснага чалавека. Усё ж памяць – гэта заўсёды пэўны сінтэз мінуўшчыны і сучаснасці, у якім свядомасць аўтара ўспамінаў істотна ўплывае на факты гісторыі ды іх інтэрпрэтацыю. Атрымліваецца, што распавядаючы гісторыю горада, гарадзенцы распавядаюць таксама пра сябе.

Памяць непасрэдных сведкаў мінулага абмяжоўваецца пераважна ХХ стагоддзем, калі гісторыя значна прыспешыла свой ход. Колішняя Каралеўская Гародня неаднаразова змяняла сваю дзяржаўную прыналежнасць. У гэты час яе гараджане былі падданымі Расейскай Імперыі, жыхарамі акупацыйнага Ober-Ost, сустракалі на сваіх вуліцах урад Беларускай Народнай Рэспублікі і прадстаўнікоў Літоўскай дзяржавы, былі грамадзянамі ІІ Рэчы Паспалітай, ператрывалі “першых саветаў” (1939–1941) і нямецкую акупацыю ў складзе ІІІ Рэйха, аднаўлялі жыццё горада ў пасляваенным СССР (БССР) і, нарэшце, сталі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Кніга журналіста Руслана Кулевіча – гэта яшчэ адна важная і цікавая спроба распавесці гісторыю апошняга стагоддзя Гародні праз аўтабіяграфічныя аповеды яе жыхароў. Кніга стала працягам аўтарскага праекта збору вусных успамінаў. Яго першая кніга “Горад адзін, успаміны розныя. Гродна 1930–40-х вачыма жыхароў” выйшла з друку ў выдавецтве “ЮрСаПрынт” у 2018 годзе.

Руслан Кулевіч удала працягвае традыцыі вуснай гісторыі ў Гародні, якія нараджаліся яшчэ на пачатку стагоддзя. Варта прыгадаць першы выпуск краязнаўчага альманаха “Горад Святога Губерта” (2002), дзе былі змешчаныя ўспаміны Клаўдзіі Несцярэнкі (1926 г. нар.), Станіславы Рой (1922 г. нар.), Крысціны Жулегі (1934 г. нар.), Генадзя Каршакоўскага (1931 г. нар.), Баляславы Куцэвіч (1924 г. нар.) ды іншых. У 2017 годзе ў Гародні выйшла з друку кніга Андрэя Вашкевіча і Таццяны Касатай “Зусім іншы горад. Гродна і гродзенцы ў вусных успамінах”. На яе старонках былі змешчаныя ўспаміны пра штодзённасць Гародні міжваеннага часу, падзеі Другой сусветнай вайны, сацыяльныя і палітычныя змены пасляваеннага часу.

З кожным годам сведкаў гарадзенскага мінулага застаецца ўсё менш. Адыходзяць людзі, і разам з імі адыходзіць у нябыт Гародня іх дзяцінства і маладосці. Руслан Кулевіч сваёй працай ратуе горад ад забыцця і дае магчымасць старажылам дзяліцца сваёй памяццю з тымі, для каго ўсё толькі пачынаецца.

Цэнтральнай падзеяй успамінаў, сабраных Русланам Кулевічам у гэтым зборніку, з’яўляецца Другая сусветная вайна (1939–1945). Яе гісторыя ў варыянце вусных успамінах гарадзенцаў істотна адрозніваецца ад версіі звычайнага падручніка па гісторыі. Вусныя ўспаміны пра апошнюю вайну – гэта аповед пра трагедыю гарадзенца, які стаўся ахвярай крывавага змагання паміж нямецкім нацызмам і савецкім сталінізмам.

Мы не маем права ігнараваць сведчанні тых, каго звыкліся лічыць “маўклівай большасцю” гісторыі. Трэба прызнаць аўтараў вусных успамінаў кампетэнтнымі ў ацэнках мінулага і пагадзіцца з тым, што гісторыя не з’яўляецца маналогам аднаго аўтара, што яна складаецца з розных інтэрпрэтацый. Пра адныя і тыя ж падзеі можна распавядаць па-рознаму і рабіць нашую памяць больш адкрытай для дыскусій і абмеркаванняў. Вусная гісторыя якраз і накіроўвае на гэта.

Сабраныя ўспаміны – таксама яскравае сведчанне таго, што Гародня не скарылася, што гарадзенцы нават у самых нечалавечых умовах заставаліся людзьмі і да канца адстойвалі сваё права на годнае жыццё.

Спадзяюся, што гэтая кніга шмат каго з сучасных гарадзенцаў прымусіць задумацца над уласным унёскам у жыццё горада. Мы не павінны адмаўляцца ад найлепшых традыцый жыхароў колішняй Каралеўскай Гародні, а кніга Руслана Кулевіча якраз нагадвае пра іх.

Алесь Смалянчук, доктар гіст. навук

     

Змест №1 выдання Руслана Кулевіча «Гісторыі з гродзенскіх вуліц»
Змест №2 выдання Руслана Кулевіча «Гісторыі з гродзенскіх вуліц»