Выдавецтва
«ЮрСаПрынт»
Гародня
Нашы
выдавецкія
тыпаграўскія
і
паліграфічныя
паслугі
з
2010
года

Нашы
выданні
2010 -
2015
гадоў

Андрэй
Вашкевіч
«На
Гродзенскім
бруку»

Андрэй Вашкевіч, «На Гродзенскім бруку»

На Гродзенскім бруку

     

Аўтар: Андрэй Вашкевіч.
Загаловак: «На Гродзенскім бруку».
Вокладка: мяккая.
Колькасць старонак: 88.
Кошт: 10 руб. (пры набыцці па па безнаяўным разліку).
Дзе набыць: спіс нашых гандлёвых партнёраў.

     

З уступнай часткі

Распавядаючы сёння пра гісторыю Гродна, мы ў першую чаргу згадваем пра самыя значныя падзеі з гістарычнага жыцця горада над Нёманам, пра самых знакамітых яго жыхароў: Давыда Гарадзенскага, Стэфана Баторыя, Элізу Ажэшку, Васіля Быкава і іншых герояў нашай багатай мінуўшчыны. Калі ў Гродна прыязджаюць суайчыннікі з Беларусі ці турысты з-за мяжы, здалёк – то найперш мы знаёмім іх са старадаўнімі цэрквамі і ўнікальнымі касцёламі, вядзем на Замкавую гару да сярэднявечнага замка Вітаўта, перабудаванага ў каралеўскі палац караля С. Баторыя, там апавядаем пра славу Гродна ў часы Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, а, стоячы каля брамы Новага Замка, успамінаем аб сумным лёсе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і апошніх гадах існавання калісці магутнай дзяржавы.

Калі мы пачынаем весці размову пра старыя прамысловыя прадпрыемствы нашага горада, то успамінаем толькі фабрыкі, заснаваныя ў XVIII ст. гродзенскім старастам Антоніем Тызенгаўзам. Аднак ужо ў сярэдзіне XIX ст. ад фабрык, пры дапамозе якіх амбіцыёзны стараста хацеў ператварыць Гродна ў “квітнеючую Галандыю на Нёмане”, не засталося і следу, а адзін з выдатнейшых знаўцаў Гродзеншчыны генерал Павел Баброўскі ў 1860 годзе пісаў, што ў Гродне “няма ніводнай прыстойнай фабрыкі”. Відавочна, ён меў рацыю, бо хіба можна назваць магутнай прамысловасцю пяць свячных фабрык, чатыры млыны, пяць бровараў, чатыры маленькія заводзікі па вырабу цэглы і адну майстэрню, дзе “круцілі” сігары. Агульны кошт гадавога прыбытку гэтых “прадпрыемстваў” дасягаў толькі 12-ці тысяч рублеў. Для параўнання, у тым самым 1860-ым годзе на гродзенскай прыстані было загружана і разгружана тавараў больш чым на 700 тысяч царскіх рублёў.

Ні ў часы Тызенгаўза, ні ў XIX ст. Гродна не стаў важным прамысловым цэнтрам. У гэтым сэнсе больш шчаслівым аказаўся недалёкі ад нас горад Беласток, які абавязаны сваім росквітам у канцы XIX ст. у асноўным развіццю тэкстыльнай прамысловасці. Зараз нас не здзіўляюць экскурсіі па гістарычных помніках прамысловасці старога Беластока, тым больш, што па ўсёй Еўропе архітэктары актыўна займаюцца рэканструкцыяй старых фабрык у дарагія памяшканні для бізнесменаў, мастацкія галерэі, выставачныя залы і г. д.

У Гродне на жаль, пакуль што ўсё выглядае не так аптымістычна. Так, на працягу некалькіх апошніх гадоў з карты горада і яго ваколіц зніклі амаль усе млыны, старая электрастанцыя, будынак фабрыкі матацыклаў “Нёман” і шмат іншых помнікаў прамысловай архітэктуры. У хуткім часе могуць быць знішчаны будынкі цагельні Аркіна, забудова літаграфічнай фабрыкі Лапіных і станіславоўскай кафлярні. А гэта ж таксама наша гісторыя, гісторыя штодзённага жыцця нашых продкаў!

Прынцыповы пералом у справе захавання і выкарыстання такога кшталту аб’ектаў пакуль не дасягнуты. На Гродзеншчыне яшчэ засталося нямала старых млыноў, бровараў, вінакурняў і іншых прадпрыемстваў, якія маглі б стаць выдатнымі канферэнц-заламі пры аграсядзібах, недарагімі хостэламі або проста музеямі. Дзе-нідзе засталіся нават парэшткі старога абсталявання і адраджэнне такіх аб’ектаў маглоб лёгка заглыбляць турыстаў у атмасферу “жывой гісторыі”. Але першым чынам усе гэтыя прадпрыемствы належыць узяць пад ахову і прызнаць гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. А далей справа за інвестарамі і бізнэсам. Грамадскія актывісты робяць у гэтым накірунку ўсё магчымае. Летам 2012 года ў дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны былі пададзены заяўкі на ўнясенне ў спіс спадчыны станіславоўскай кафлярні па вул. Чырвонаармейскай, былога паравознага дэпо па вул. Будзёнага і прыгожай казармы па вул. Перамогі. Магчыма, хоць нешта будзе ўзята пад ахову. Зусім нядаўна з’явіўся новы ўласнік у будынка старога гродзенскага піўзавода. Будзем спадзявацца, што яго аднаўленне і музеефікацыя не зацягнуцца па старой звычцы на пяць-дзесяць гадоў.

Старая фабрыка заўсёды можа стаць гандлёвым цэнтрам, млын – мастацкай галерэяй, а электрастанцыя – дарагім офісным будынкам. Таму і паўстала ідэя напісаць пра даўнія помнікі гродзенскай прамысловасці – фабрыкі, заводы, млыны, цагельні. Адным словам, пра тое, чым жыў і як будаваўся стары горад Гродна. Падрыхтоўваючы да выдання гэтую невялікую кнігу, я зусім не ставіў перад сабой задачу распавесці пра ўсе бровары або цагельні, якія існавалі ў нашым горадзе, таксама як і пра аб’ёмы іх вытворчасці або даходы. Хацелася напісаць невялікі даведнік па гэтай, знікаючай ужо частцы гарадской архітэктурнай спадчыны, паглыбіцца ў тое, што будзе асабліва цікава чытачу: тэхналогію вырабу літаграфій, кафлі або асаблівасці функцыянавання гарадской электрастанцыі ці водаправода. Тым больш, што ў Гродне ўсё ж такі існавалі ўнікальныя прадпрыемствы, не памятаць пра якія проста ганебна для нас, жыхароў такога цудоўнага горада.

Хачу шчыра падзякаваць гродзенскім гісторыкам Віктару Саяпіну, Ігару Трусаву, Сяргею Піваварчыку, Андрэю Чарнякевічу, працамі якіх па гісторыі горада і сабранымі імі матэрыяламі я актыўна карыстаўся. Таксама дзякую Феліксу Варашыльскаму і Яну Лялевічу, якія сабралі багатыя калекцыі старых гродзенскіх паштовак і фотаздымкаў і далі мне магчымасць выкарыстаць іх у гэтай кнізе. Большасць сучасных фотаздымкаў да гэтага выдання таксама зрабіў Ян Лялевіч. Асобная падзяка паважанай Ірэне Валюсь за шчырае натхненне да напісання кнігі. А цяпер запрашаю ў падарожжа па прамысловым Гродне.

     

Фрагмент №1 кнігі Андрэя Вашкевіча «На Гродзенскім бруку»
Фрагмент №2 кнігі Андрэя Вашкевіча «На Гродзенскім бруку»
Фрагмент №3 кнігі Андрэя Вашкевіча «На Гродзенскім бруку»
Фрагмент №4 кнігі Андрэя Вашкевіча «На Гродзенскім бруку»
Фрагмент №5 кнігі Андрэя Вашкевіча «На Гродзенскім бруку»

     

Спампаваць выданне цалком