Выдавецтва
«ЮрСаПрынт»
Гародня
Нашы
графа/
Шаманствы
Васіль
Герасімчык
АПОШНЯЯ
КРЭПАСЦЬ
РАСІЙСКАЙ
ІМПЕРЫІ

Васіль Герасімчык, АПОШНЯЯ КРЭПАСЦЬ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ, фото №1
9 КРАСАВІКА, 2020

АПОШНЯЯ КРЭПАСЦЬ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

     

Вясна – лепшы час для падарожжаў па родным краі. А зямля беларуская багатая на разнастайныя прыгожыя і таямнічыя мясціны. Сярод іх – апошняя крэпасць Расійскай імперыі, 13 фартоў якой былі ўзведзеныя ў ваколіцах Гродна. Падрабязна пра гэты цікавы аб’ект распавядаюць кнігі выдавецтва «ЮрСаПрынт». Адна з іх, створаная ў форме рэпартажаў і вандровак па месцах баёў першай сусветнай вайны, належыць журналісту Андрэю Мякішу.

Другая – гэта вынік працы гродзенскіх даследчыкаў Дзмітрыя Люціка, Сяргея Піваварчыка і Аляксандра Семянчука.

Кніга дае звесткі як пра гістарычныя падзеі, звязаныя з крэпасцю, якая афіцыйна праіснавала не больш двух гадоў (1913-1915), так і падрабязна распавядае пра яе будаўнікоў, а таксама пра элементы, з якіх яна складалася. Выданне добра ілюстравана фотаздымкамі, каляровымі схемамі ды планамі.

Васіль Герасімчык, АПОШНЯЯ КРЭПАСЦЬ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ, фото №2

Загад аб узвядзенні Гродзенскай крэпасці быў зацверджаны імператарам Мікалаем ІІ у 1912 годзе. Пры яе будаўніцтве, па словах гісторыка Дзмітрыя Люціка, былі ўжытыя шэраг новаўвядзенняў, якія нават сёння можна пабачыць на ўласныя вочы: “Гродзенская крэпасць вылучаецца сваімі столямі, выкананымі з вялізных металічных балак, пакрытых зверху слоем асфальтабетону для гідраізаляцыі. Тут рэалізаваны такія цікавыя рэчы, як вельмі індывідуальныя лініі агню, выкананыя ў выглядзе траверса з ячэйкамі для салдат. Гэтая ідэя з’явілася ў 1914 годзе і яе адразу рэалізавалі ў Гродзенскай крэпасці. Больш нідзе такога не было. Яшчэ на фартах, упершыню ў Расійскай імперыі, выкарысталі тры бранявыя назіральныя пасты ў выглядзе “купалоў”.

Васіль Герасімчык, АПОШНЯЯ КРЭПАСЦЬ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ, фото №3

Дзмітрый Люцік адзначае наступныя асаблівасці, якімі вылучаецца Гродзенская крэпасць: “Па-першае гродзенская фартыфікацыя доўга нараджалася і ішла паралельна з Брэсцкай. Дарэчы, нам наогул магло “пашчасціць” і крэпасць накшталт Брэсцкай магла з’явіцца ў Гродне. Тады наш горад трапіў бы пад жахлівае разбурэнне і фактычна знік, але гэта выпала на долю Брэста. У Гродна ў 1890-я гады ўзнікаюць першыя земляныя фарты, які далі назву аднаму з раёнаў горада. Другая асаблівасць у тым, што яна фактычна з’явілася незадоўга да вайны, стала разбудоўвацца ў жніўні 1912 года і стала апошняй крэпасцю Імперыі. Гэта была адна з самых сучасных фартыфікацыйных збудаванняў. Тут абкатваліся і рэалізоўваліся самыя найноўшыя праекты. Трэцяя асаблівасць у тым, што Гродзенская крэпасць працягвала разбудоўвацца і пры немцах з верасня 1915 па красавік 1919 года, і пры паляках у міжваенны час. За яе вяліся баі падчас савецка-польскай вайны. Мы фактычна маем і крэпасць Расійскай імперыі, і другога нямецкага Рэйха, і польскую, паколькі ўвесь гэты час Гродна захоўваў статус “крэпасці”.

Васіль Герасімчык, АПОШНЯЯ КРЭПАСЦЬ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ, фото №4

Васіль Герасімчык,
9 красавіка, 2020 г.