Выдавецтва

«ЮрСаПрынт»

Гародня

Нашы
графа/
Шаманствы

1 лістапада
2023 года

Іна
Соркіна
Андрэй
Чарнякевіч
СТАНІСЛАВОВА:
«ПАЛАЦ
НA
ПАГОРКУ»

Выява Стaнiслaвoвa на мапе Гарадніцы 1789 г.
1 ЛIСТАПАДА, 2023

СТАНІСЛАВОВА: “ПАЛАЦ НА ПАГОРКУ”

     

УСТУП

У аўтараў гэтай кнігі ёсць маленькая прывілея – яны жывуць побач з сапраўдным палацам! Прычым не знішчаным і адноўленым, а такім, які захаваўся амаль нязменна, з флігелямі, гаспадарчай забудоваю, абнесены мурам з брамай ды яшчэ ў атачэнні цудоўнага парка. І ўсё гэта – на вяршыне высокага пагорка, з якога адкрываецца ці не адна з самых прыгожых панарам горада. Некалі – здаецца, што і зусім нядаўна – сам палац таксама можна было пабачыць яшчэ здалёк. Мініяцюрны, амаль цацачны, ён быццам бы лунаў над Гарадніцай, над яе гэткімі ж казачнымі камяніцамі, ледзь заўважны ў канцы доўгага і прамога, як лязо, шляха, ад якога раптам аддзялялася невялічкая алея. Алея кахання…
Сёння няма ўжо Алеі кахання, а з цацачных камяніц, тых, што яшчэ называліся “басняцкімі”, захавалася толькі адна. Былы тракт больш не выглядае гэткім прамым, як раней. Знікла пад асфальтам і брукаванка, што бегла ўверх у атачэнні старых ліп. Нават сам пагорак стаў амаль незаўважным сярод савецкіх шматпавярховак. Што да ліп, дык яны падняліся высока, схаваўшы сваімі кронамі сам палац.
Станіславова, пры ўсёй сваёй загадкавасці ды ўнікальнасці, так і не дачакалася ніводнага асобнага даследавання, акрамя невялічкіх артыкулаў у энцыклапедычнай літаратуры ці караценькай узгадкі на старонках мастацтвазнаўчых даследаванняў. Атрымоўваецца, што, як і кожная прывілея, наша таксама нясе разам з сабою пэўныя абавязкі. Для гісторыка – гэта абавязак узгадаць мінулае і распавесці пра яго.

Станіславова на мапе 1797 г.

ГЛАВА ПЕРШАЯ (фрагмент)

     

Станіславоўскі ключ

На раўніне паміж сённяшнімі вёскамі Падкрыжакі, Кульбакі ды Капліца са зліцця некалькіх, ужо схаваных цяпер у трубы, ручаёў бярэ свой пачатак рэчка Гараднічанка, а яшчэ некалькі ручаін, што выцякаюць адсюль, сілкуюць іншую рэчку – Вежбалоўку. Найлепшым пацвярджэннем прыроды гэтых месцаў з'яўляецца назва адной з мясцовых вёсак – Забалаць. На высокім пагорку на правым беразе Гараднічанкі, які ў часы Рэчы Паспалітай адносіўся да падмейскай вёскі Сухое Сяло, побач з гарадскім выганам, і была закладзена сядзіба Станіславова (1).

Дату яе пабудовы часцей за ўсё адносяць да першай паловы 1770-х гадоў. Традыцыйна лічыцца, што Станіславова (ці, дакладней, Станіславаў – Stanisłąwow) паўстала як зaгaрaднaя рэзiдэнцыя aпoшнягa вялiкaгa князя лiтoўскaгa i кaрaля пoльскaгa Стaнiслaвa Aўгустa Пaнятoўскaгa (гады жыцця: 1732–1798). Менавіта па гэтай прычыне яна і была нaзвaнa ягoным iменем, як і другая рэзідэнцыя, Аўгустова, на левым беразе, якая атрымала назву ад імя Аўгуст. Звычайна ў літаратуры можна сустрэць узгадку аб тым, што гэтыя рэзідэнцыі з’яўляліся “паляўнічымі”, ці “летнімі”, ды прызначаліся для кароткага адпачынку манарха (2). З гэтай нагоды вядомы польскі даследчык Раман Афтаназі ў сваёй працы, прысвечанай дварцова-паркавым ансамблям былой Рэчы Паспалітай, прыгадвае мясцовую легенду аб тым, быццам бы абодва гэтыя палацы будаваліся не для манарха, а для ягоных двух фаварытаў, а каб тыя паміж сабой не пасварыліся, іх падзялілі ракой (3). Разам жа з трэцім палацыкам – Панямонь, які знаходзіцца, як і Станіславова, на правым беразе, яны складаюць “трохкутнік караля”, ствараючы на мапе манаграму з імя і прозвішча манарха: Стaнiслaў Aўгуст Панятоўскі (4).

Стaнiслaў Aўгуст Пaнятoўскi (1732 – 1798)

Aўтaрaм прaектa Стaнiслaвoвa, як і Aўгустoвa, звычайна лічыцца iтaльянскi aрхiтэктaр з Вероны Джузэпэ Сaкa (1735–1798). У Варшаве ён апынуўся ў 1768 г., там супрацоўнічаў са знакамітым архітэктарам Якубам Фантана (1710–1773). У 1771 г. Дж. Сака пачаў служыць у войску ў якасці паручніка гарнізона ў Гродне і ўжо праз некалькі гадоў стаў капітанам кавалерыі і гродзенскім гараднічым. Амаль адначасова ён быў прызнaчaны нa пaсaду кaрaлеўскaгa aрхiтэктaрa ў Гродзенскай эканоміі. Перш за ўсё ў ягo aбaвязкi ўвaхoдзiў нaгляд зa будaўнiцтвaм мясцoвых кaрaлеўскiх мaнуфaктур. Разам з гэтым Дж. Сaкa рaспрaцaвaў прaект палаца каралеўскай эканоміі на Гарадніцы (палаца Тызенгаўза), будынак медыцынскaй шкoлы, прымaў удзел у рэканструкцыі Фaры Вiтaўтa, перaбудoве Нoвaгa зaмка ды ратушы (5).

Джузэпэ Сaкa (1735–1798)

На момант з’яўлення Дж. Сака ў Гродне тут ужо было некалькі магнацкіх рэзідэнцый. У горадзе месцілася тры палацы Радзівілаў, палацы Пшаздзецкага, Бжастоўскага, Флемінга, Салагуба, Масальскага, Ржэвускага, Мнішка, Сангушкаў ды Патоцкага (6). Праўда, амаль усе яны выразна адрозніваліся ад Станіславова. Гісторык архітэктуры В. Марозаў лічыць, што пабудаваныя Дж. Сака палацы адпавядалі памкненню манарха мець уласную невялічкую сядзібу, якая выглядам больш была б падобна на палацы сярэдняй шляхты. У выніку воблік новапаўсталых каралеўскіх палацыкаў паўплываў на будаўнічыя густы адукаваных магнатаў (7).

Антоній Тызенгаўз (1733–1785)

В. Марозаў ідзе яшчэ далей і дадае да спіса з трох прыгарадных каралеўскіх палацыкаў яшчэ адзін – у Караліне, які быў запраектаваны, аднак так ніколі і не паўстаў. Гісторык высунуў уласную, даволі арыгінальную гіпотэзу, паводле якой усе чатыры сядзібы ствараліся як паркавыя павільёны вакол галоўнай рэзідэнцыі караля ў Новым замку. “Гэтак, – піша ён у сваёй кнізе, – палац у Панямуні з элементамі маўрытанскай архітэктуры трактаваўся як экзатычны павільён з агляднай пляцоўкай на раку, палац у Караліне быў прызначаны для праслухоўвання музыкі сярод кветак ды раслін, якія размяшчаліся ў ягоных залах, а палацы ў Станіславове ды Аўгустове створаны накшталт шляхецкіх сядзіб дзеля каралеўскага адпачынку ў атачэнні сельскага пейзажу…” (8).

Праблема, аднак, у тым, што Станіславова – гэта каралеўскі палац фактычна… без караля! У тым сэнсе, што мы амаль нічога не ведаем пра ягоную тут прысутнасць. Нават тады, калі ён па загаду расейскай імператрыцы вымушаны быў пасяліцца ў Гродне. Гэтак, напрыклад, 7 верасня 1795 г. манарх адправіўся на шпацыр у Капліцу, 13 верасня – Грандзічы, аднак за кожным разам сваю “рэзідэнцыю” ён абмінаў. Праўда, наступнага дня, калі С. Панятоўскі накіраваўся на левы бераг Нёмана, сюды, у Станіславова, наведаліся ягоная пляменніца графіня Мнішак з мадам дэ Падалі. Толькі 19 лістапада 1795 г., усяго праз пяць дзён пасля падпісання акта абдыкацыі, ужо былы манарх ранкам “у звычайным суправаджэнні” выехаў у Станіславова, адкуль вярнуўся ў замак каля абеду (9). У выніку, паводле запісаў асабістага сакратара, за два гады сваёй гродзенскай “ссылкі” Станіслаў Аўгуст наведаў сваю нібыта рэзідэнцыю толькі аднойчы і прабыў там усяго каля гадзіны.

Затое некалькі гадамі раней, 1 ліпеня 1793 г., падчас апошняга сейма ў Станіславове адбылася святочная імпрэза з нагоды імянін расейскага пасла Якава Сіверса (1731–1808), арганізаваная баранэсай Хайкінг ды графіняй Камелі. У адмыслова пабудаваным з гэтай нагоды тэатры мясцовыя аматары адыгралі перад амаль паўтары сотнямі гасцей французскую камедыю і некалькі тэатральных сцэнак (10) (самі імяніны зацягнуліся больш чым на тыдзень і скончыліся святочнай ілюмінацыяй на Гарадніцы).

Міжволі паўстае пытанне: ці сапраўды перад намі «maison de plaisance», ці ягоны нямецкі адпаведнік “lustschloss” – “палац задавальненняў” накшталт Вялікага Трыянона ў Версальскім парку ці таго ж Сан-Сусі каля Берліна, дзе стомлены ад абавязкаў манарх можа схавацца ад надакучлівых спраў? І чаму ў наваколлі Гродна, які, напэўна, не адносіўся да любімых месцаў манарха, гэткіх рэзідэнцый паўстала адразу некалькі?

Адлік гісторыі сядзібы Станіславова, як падаецца, варта распачаць трошкі раней, з 1765 г., калі падчас правядзення рэформы каралеўскіх эканомій Гродна згубіў частку сваіх уладанняў, якія былі далучаны да Станіславоўскага ключа – новапаўсталай гаспадарча-адміністрацыйнай адзінкі (11). Аднак каб лепш зразумець усе абставіны яго ўзнікнення, трэба звярнуцца яшчэ ў больш глыбокае мінулае, а дакладна – у 1589 год, калі прывілеем Жыгімонта ІІІ Вазы частка зямель Гродзенскага павета была выдзелена ў асобную эканомію агульным памерам амаль у чатыры тысячы валок зямлі ды яшчэ часткаю пушчы. Гэткім чынам былыя прыватныя ўладанні Ягелонаў сталіся дзяржаўным маёнткам, прызначаным на ўтрыманне двара. Дзеля лепшага гаспадарання Гродзенская эканомія была падзелена на адзінаццаць двароў, а тыя, у сваю чаргу, на пятнаццаць валасцей ды дваццаць шесць войтаўстваў (12).

Фрагмент мапы Гродзенскай эканоміі 1781 r.

Пазней гэты падзел некалькі разоў мяняўся. Калі на чале каралеўскай эканоміі ў Вялікім Княстве Літоўскім стаў надворны літоўскі падскарбій Антоній Тызенгаўз (1733–1785), ён правеў чарговую адміністрацыйную рэформу, аб’яднаўшы воласці ў “ключы”, а тыя, у сваю чаргу, – у “губерні”, каб гэтым самым павялічыць прыбытак з каралеўскага дамена. Сядзібы для новапаўсталых ключоў ды губерній закладаліся з арыентацыяй на суседнія гарадскія цэнтры, паводле агульных планіровачных мадэлей (13). Менавіта таму Станіславова ды Аўгустова аказаліся па розныя бакі Нёмана і каралеўскія фаварыты тут ні пры чым. Аўгустова, як цэнтр аднайменнага ключа, было зарыентавана на Кунстава – “горад майстраў”, які месціўся ўздоўж ракі Ласасянкі, тады як Станіславова, цэнтр Станіславоўскага ключа, сталася эканамічным заплеччам Гарадніцы, пры гэтым назвы ключоў і на самой справе нагадвалі пра асобу манарха як пра сапраўднага гаспадара гэтых абшараў.

Сама Гродзенская эканомія налічвала шэсць губерній. Паводле гісторыка С. Касцялкоўскага (1881–1960), Станіславоўскі ключ, які адносіўся да губерні Азёрскай, першапачаткова ўключаў у сябе тры вёскі: Лойкі, Панямонь ды Міёлы (14). Цікава, што вёска Лойкі, якая раней належала да Перстунскага лясніцтва, знаходзіцца на левым беразе Нёмана, тады як усе іншыя землі ключа – на правым. Верагодна, Станіславова аб’яднала абшар, які забяспечваў тую ж Гарадніцу перш за ўсё рамеснікамі ды будаўнічымі матэрыяламі: дрэвам, крэйдай, цэглай (15).

Аграрныя пераўтварэнні А. Тызенгаўза, акрамя іншага, уключалі аднаўленне фальварачнай сістэмы з абавязковай адпрацоўкай паншчыны, а атрыманыя эканоміяй даходы ад продажу збожжа павінны былі забяспечыць, перш за ўсё, ажыццяўленне “вялікага мануфактурнага плану”, які быў галоўнай мэтай рэфарматарскай дзейнасці А. Тызенгаўза (16). Менавіта па гэтай прычыне выява станіславоўскага двара патрапіла на мапу А. Тодта (?–?) з 1789 г., на якой мы бачым сядзібу ў атачэнні мануфактур Гарадніцы. Разам яны ствараюць адно непадзельнае целае, узаемна дапаўняючы адно другое, у адпаведнасці з тагачаснымі поглядамі на асновы эканамічнага дабрабыту, спалучаючы культ прамысловасці ды рыначнай экспансіі з сельскагаспадарчай працай (17).

Эканамічна-гаспадарчая роля, якую выконваў новапаўсталы ключ, не адмяняе таго, што рэзідэнцыя ў Станіславове мела і асабістую рэпрэзентацыйную функцыю, як і сама Гарадніца (18). Гісторык Г. Паўлоўская піша з гэтай нагоды: “…У часы староства А. Тызенгаўза ў горадзе з’яўляецца трэці цэнтр афіцыйных святкаванняў – новазабудаваная Гарадніца, якая актыўна ўключаецца ў тапаграфію гарадзенскіх святаў. Тут будуецца тэатр, батанічны сад, у палацы падскарбія ладзяцца балі і праводзяцца часткі ўрачыстасцяў. Задзейнічанне ў святах Гарадніцы павінна было прыцягнуць да яе ўвагу, паказаць развіццё прадпрыемстваў і іншых новаўвядзенняў А. Тызенгаўза, уключыць новы раён у горад, прэзэнтаваць Гародню як сучаснае, перспектыўнае, буйное месца…” (19). Усё згаданае вышэй можна аднесці і да сядзібы ў Станіславове.

Як вядома, рэфарматарскія праекты А. Тызенгаўза скончыліся катастрофай, а сам ён быў абвінавачаны ў несумленным вядзенні гаспадаркі і ў выніку адхілены ад арэнды каралеўскай эканоміі. Па адной з версій, улетку 1780 г., імкнучыся, каб кампраметуючыя яго дакументы не трапілі ў рукі ворагаў, падскарбій загадаў схаваць эканамічны архіў у гумнах у Станіславове, адкуль яго пазней патаемна вывезлі (20).

Пасля адстаўкі А. Тызенгаўза створаная ім гаспадарчая сістэма кіравання дзяржаўнымі маёнткамі працягвала сваё жыццё. Першапачаткова каралеўскія эканоміі ў Вялікім Княстве Літоўскім былі перададзены на тры гады ў арэнду Францішку Жавускаму. Пазней Станіславоўскі ключ, хутчэй за ўсе разам з іншымі ўладаннямі Гродзенскай эканоміі апынуўся ў дванаццацігадовай “арандаванай пасэсіі” каралеўскага пляменніка князя Станіслава Панятоўскага (1754–1833) (21). Фактычна ж эканоміяй кіраваў адміністратар М. Бадэні, а амаль усе ключы былі перададзены ў арэнду (22).

Землі Станіславова, па стане на 1796 г., складалі каля 21 валокі з гадавым даходам у 1145 злотых і таксама аказаліся падзеленымі паміж шматлікімі асобамі. Сярод тых, хто трымаў зямельныя надзелы, былі кс. Скшэтускі ды кс. Ян Кадлубоўскі, “дазорца драўлянага гандлю” Гродзенскай эканоміі Сабескі, цэхмістры рэзніцкага цэха Ёган Клаўд ды Антоній Бараноўскі, паштмайстар, каралеўскі сакратар Ваўжынец Сабалеўскі, Канановіч, рахмістр Гродзенскай эканоміі Бенядзікт Зезюлевіч. Усе яны, у сваю чаргу, аддавалі іх у карыстанне “чыншавікам”, сялянам, якія з гэтых уладанняў “зараблялі ды плацілі”: Яну Марозу, Сымону Мікульскаму, Францішку Адамовічу, Марціну Каліноўскаму, Ежы Захарэвічу, Юзафу Шаржыцкаму, Яну Будрыку ды іншым. Акрамя таго, гродзенскі войскі Антоній Валовіч трымаў тут ветраны млын, а яўрэйскі кагал плаціў за пляц пад новыя могілкі (23).

Сам ключ тым часам павялічыўся за кошт далучаных новых абшараў, а пад фальваркавае ворыва адышла частка зямель, якія да гэтага належалі Гродна. Горад, тым не менш, не збіраўся мірыцца з гэтым. Нават праз некалькі дзесяцігоддзяў месцічы ўсё яшчэ безвынікова спрабавалі вярнуць сабе былую маёмасць. Была складзена асобная мапа, на якой былі пазначаны межы Станіславоўскага ды Аўгустоўскага ключоў, каб давесці права на спрэчныя ўладанні (24).

Вось толькі на той час Станіславова, як і Гродна, ужо апынуўся ў межах новай дзяржавы. А разам з гэтым змяніліся і ягоныя гаспадары...

 Аўгустовак, малюнак Н. Орда

Іна Соркіна,
Андрэй Чарнякевіч.
1 лістапада, 2023 г.

     

Спіс літаратуры

1. Borowik P., Jurydyki miasta Grodno w XV–XVIII wieku: stanowy podział nieruchomośći. Supraśl, 2005, s. 273–274; Федoрук А., Стaринные усaдьбы Грoдненщины. Минск, 2014, с. 379.
2. Rąnkowski G., Kresowe rezydencje. Zamki, pałace i dwory na dawnych ziemiach wschodnich II RP, tom III, województwo Białostockie (część wschodnia), wojewódstwo Poleskie. Warszaw, IPN, 2022, s. 148–151; Jodkowski J., Grodno, Wilno, 1923, s. 44.
3. Aftanazy R., Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Ossolineum, Wrocław – Warszawa – Kraków, 1992, t. II, s. 131–134.
4. Асноревский Е., Гродно – столица, которая осталась. Издательское решение по лицензии Ridero, 2021, с. 234.
5. Postołowicz L., Józef de Sacco – architekt JKMci na Grodzieńszczyżnie // Białostocczyzna. 1995, № 5, s. 101–105; Трусoв И., Грoдненские aрхитектoры и стрoители XII–XVIII вв. Грoднo, 2012, с. 68.
6. Korzon T., Wewnwtrzne dzieje Polski za Stanisława Augusta (1764–1794). Kraków – Warszawa, 1897, t. II., s. 329–330.
7. Морозов В., Формирование классицистического облика усадебного дома в архитектуре Беларуси конца XVIII в. = Classic look formation of the manor house in belarussian architecture at the end of XVIII c. / В. Ф. Морозов // Архитектура: сборник научных трудов / редкол.: А. С. Сардаров (гл. ред.) [и др.]. Минск: БНТУ, 2021, вып. 14, с. 19–26.
8. Морозов В., Стили и направления в архитектуре Беларуси второй половины XVIII – первой половины XIX века. Минск: БНТУ, 2016, с. 61–62.
9. Журнал пребывания Его Величества, короля польского Станислава Августа Понятовского 1795–1796 годов, вёл пристав генерал-поручик Илья Андреевич Безбородко. Москва, 1870, с. 65–67, 81.
10. Jędrychowski Z., Teatra grodzieńskie 1784–1864. Warszawa, 2012, s. 50.
11. Borowik P., Jurydyki miasta Grodno w XV–XVIII wieku: stanowy podział nieruchomośći. Supraśl, 2005, s. 273–274; Федoрук А., Стaринные усaдьбы Грoдненщины. Минск, 2014, с. 379.
12. Pytasz-Kołodziejczyk A., Zasoby wodne w dobrach wielkoksiążecych zachodniej grodzieńszczyzny w XVI wieku. Administracja i aksploatacja, Olsztyn, 2017, s. 31.
13. Bach-Strawińska C., Z dziejów parku podworskiegow Krynkach // Biuletyn Konserwatorski Wojewódstwa Podlaskiego. 2018, t. 24, s. 164–165.
14. Kościałkowski S., Ze studjów nad dziejami ekonomji królewskiej na Litwie // Rocznik towarzystwa przyjaciół nauk w Wilnie. Wilno, 1910, t. IV, s. 92.
15. Borowik P., Jurydyki miasta Grodno... s. 210, 234–235, 237.
16. Кітурка І., Антоній Тызенгаўз у справе мадэрнізацыі гарадзенскай сталовай эканоміі (другая палова XVIII ст.) // Гарадзенскія чытанні. Гродна, 2006, с. 153.
17. Кітурка І., Антоній Тызенгаўз у справе мадэрнізацыі гарадзенскай сталовай эканоміі (другая палова XVIII ст.) // Гарадзенскія чытанні. Гродна, 2006, с. 151.
18. Асноревский Е., Гродно – столица, которая осталась…, с. 235.
19. Паўлоўская Г., “Пры гучным стралянні з гарматаў…” Святкаванні ў Гародні ў другой палове XVII ст. // ARCHE, 2011, № 7–8, с. 78.
20. Гардзееў Ю., Антоні Тызенгаўз і яго эпоха. Рыфтур прынт, 2021, с. 182.
21. Kościałkowski S., Ze studjów nad dziejami ekonomji królewskiej na Litwie…, s. 155.
22. Filipczak W., Ekonomie litewskie w polityce sejmikowej Stabisława Augusta po upadku Antoniego Tyzenhauza (1780–1783) // Przegląd Nauk Historycznych. 2006, t. 5/1, s. 269.
23 НГAБ у Грoдне. Ф. 1143, вoп. 1, спр. 134. Инвентарная опись имения Станиславово Гродненского уезда, 1 июля 1796 г. Арк. 3 зв.
24. НГAБ у Грoдне. Ф. 1, вoп. 2, спр. 1410. Прошение бургомистра Гродно. 1826, арк. 11.